Стала вядома, што сказаў Зяленскі прэзідэнтам Польшчы і Літвы перад уварваннем РФ
5- 20.02.2026, 23:33
- 3,538
У апошні момант украінскі прэзідэнт асэнсаваў сур'ёзнасць будучых падзей.
23 лютага 2022 года, напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання краіны-агрэсаркі Расіі, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у размове з тагачасным прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам выказаў меркаванне пра тое, што, магчыма, яны ўжо больш не ўбачаць яго жывым. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле The Guardian, апублікаваным 20 лютага.
Паводле СМІ, гэта сведчыла пра тое, што ў апошні момант украінскі прэзідэнт «асэнсаваў сур'ёзнасць будучых падзей».
Пазней у той жа дзень ён паспрабаваў патэлефанаваць Пуціну, але атрымаў адмову. Тады ён запісаў відэазварот да грамадзян РФ з заклікам не дапусціць, каб іх кіраўніцтва пачало вайну. У ім была прыкметная поўная змена тону. Украінскі прэзідэнт папярэдзіў, што калі расіяне нападуць, то ўбачаць не спіны ўкраінцаў, а іх твары.
Пры гэтым, паводле выдання, у ноч перад поўнамаштабным уварваннем сям'я прэзідэнта легла спаць, як звычайна. Першая лэдзі Алена Зяленская не сабрала трывожны чамаданчык. Гэта яна зрабіла на наступны дзень, паспешліва, калі разам з дзецьмі пад гукі выбухаў эвакуявалася ў «невядомае месца» з-за пагроз забойствам. Вайна заспела знянацку большасць украінскага Кабміна, гаворыцца ў артыкуле.
The Guardian напісала, што тагачасны міністр замежных спраў Дзмітро Кулеба ведаў пра тое, што павінна было адбыцца, бо 22 лютага ён адправіўся ў Вашынгтон на сустрэчы, і прадстаўнікі разведкі паказалі яму дакладныя месцы, дзе расійскія танкі рыхтаваліся перайсці мяжу. Пасля гэтага яго запрасілі на непланаваную сустрэчу з тагачасным прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.