На рынку працы Беларусі ўвялі змены
- 11.09.2025, 18:26
- 13,134
Падрабязнасці.
У Беларусі ўвялі некалькі змен, якія датычацца рынку працы. «Зеркало» сабрала падборку навацый.
Змены ў базе вакансій
Мінпрацы з 10 верасня ўвяло навацыі для агульнарэспубліканскага банка вакансій.
«Інфармацыя пра размешчаныя на партале вакансіі, рэзюмэ, за выключэннем кантактных дадзеных прэтэндэнта (прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі яно ёсць), нумар тэлефона, адрас электроннай пошты), і іншыя раздзелы, што змяшчаюць агульную інфармацыю, даступныя ўсім катэгорыям карыстальнікаў партала без папярэдняй рэгістрацыі і аўтарызацыі на ім», — паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Але размяшчэнне вакансій, рэзюмэ, прагляд кантактных дадзеных прэтэндэнтаў даступныя толькі пасля рэгістрацыі і наступнай аўтарызацыі на партале.
«Карыстальнікі партала павінны не радзей аднаго разу на год праходзіць працэдуру абнаўлення (пацвярджэння) дадзеных у сваім асабістым кабінеце. Пры невыкананні гэтага патрабавання асабісты кабінет падлягае аўтаматычнай дэактывацыі», — удакладняе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Цяпер наймальнікі павінны не радзей аднаго разу ў 90 дзён абнаўляць размешчаныя вакансіі. Калі праігнараваць гэтае патрабаванне, аб'ява аб пошуку работніка стане недаступнай для прагляду.
Навацыя для выхавальнікаў
Мінпрацы зацвердзіла новы прафстандарт у сферы дашкольнай адукацыі. Дзякуючы гэтаму студэнты, якія адучыліся два курсы па спецыяльнасці «дашкольная адукацыя», змогуць афіцыйна ўладкоўвацца на працу выхавальнікамі. Спецыялістам з любой вышэйшай адукацыяй таксама дазволяць працаваць выхавальнікамі, але з умовай — у будучыні прайсці перападрыхтоўку.
«Будучыя выхавальнікі раней пачынаюць ужываць веды на практыцы, што павышае якасць іх падрыхтоўкі; установы адукацыі павялічваюць забяспечанасць кадрамі, дзеці і бацькі — атрымліваюць стабільныя і кваліфікаваныя кадры ў дзіцячых садах», — патлумачылі ў Мінпрацы.
Змена ў транспартнай сферы
Таксама Мінпрацы з 10 верасня зацвердзіла новыя прафесійныя стандарты ў транспартнай сферы — вадзіцель тралейбуса і манцёр судаходнай абстаноўкі. У ведамстве тлумачаць, што ён прадугледжвае апісанне працоўных функцый і патрабаванняў да кваліфікацыі, патрэбных для іх выканання.
«На падставе прафесійных стандартаў вызначаюцца найменні прафесій рабочых (пасад службоўцаў), працоўныя функцыі, наяўнасць у работніка адпаведнай кваліфікацыі», — удакладнілі ў Мінпрацы.