«Расійскі рубель ляціць у бездань»
2- 11.09.2025, 13:13
- 7,174
Курс еўра ўпершыню з лютага перавысіў 100 рублёў.
Рубель працягвае таннець на Маскоўскай біржы, абнаўляючы шматмесячныя мінімумы да долара, еўра і юаня, піша
У чацвер на пазабіржавым рынку ўпершыню з лютага курс еўрапейскай валюты падымаўся вышэй за 100 рублёў — здзелкі праходзілі па 100,3850 рубля за еўра.
Пазабіржавы курс долара абнавіў рэкорд з 10 красавіка — 85,91 рубля. А курс юаня на Маскоўскай біржы дабраўся да адзнакі 12,05 — самай высокай з 10 сакавіка.
Рубель працягвае «ляцець у бездань», канстатуе інвестбанкір Яўген Коган. Такога працяглага падзення рубля — 8 дзён запар — рынак не бачыў з снежня 2022 года, а адносна летніх мінімумаў долар падаражэў амаль на 10 рублёў (12%), еўра — на 12 рублёў (13%), а юань падаражэў на 1,2 рубля (11%).
Слабасць рубля «у значнай ступені звязаная з фундаментальным разваротам трэнду з-за пагаршэння сальда гандлёвага балансу», тлумачыць аналітык БКС Ілля Фядораў: экспартныя даходы эканомікі скарачаюцца праз падзенне цэн на нафту, санкцыі і змяншэнне гандлю з Кітаем, а попыт на валюту зноў пачаў расці з-за патрэбы ў імпарце.
Да канца года рубель можа знізіцца да 90-95 рублёў за долар, прагназуе Дзмітрый Сяргееў, галоўны інвесткансультант ІК «Велес Капітал». «Кіравальнае аслабленне курсу з’яўляецца адным са спосабаў выправіць сітуацыю з бюджэтам», — тлумачыць ён: за 8 месяцаў «дзірка» ў федэральнай казне дасягнула 4,2 трлн рублёў, што ўтрая вышэй за першапачатковы план на год, а нафтагазавыя даходы скараціліся на 20%.
«14 жніўня было адменена патрабаванне абавязковага продажу экспартнай выручкі кампаніямі-экспарцёрамі», — нагадвае Сяргееў. Этаму папярэднічалі шматлікія скаргі сыравінных мільярдэраў і дзяржаўных кампаній на занадта моцны рубель. «Нарынкавым» называў курс рубля кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын пасля таго, як прыбытак кампаніі за першае паўгоддзе абваліўся ўтрая, а кіраўнік ВТБ Андрэй Костін заклікаў Мінфін і ЦБ «адрэгуляваць» рубель, каб дапамагчы бюджэту.
«Санкцыйныя абмежаванні, павелічэнне транспартнага пляча і рост зніжак на экспартныя пастаўкі вуглевадародаў можна згладзіць, зноў жа, праз курс», — тлумачыць Сяргееў.
Пабочным эфектам дэвальвацыі, праўда, стане новае паскарэнне інфляцыі. «Вельмі хутка гэта адаб’ецца на росце рознічных цэн», — папярэджвае аналітык «Алор Брокер» Аляксей Антонаў. У сувязі з гэтым, дадае ён, ЦБ на пасяджэнні ў пятніцу можа знізіць стаўку не на 2 працэнтныя пункты, як чакае рынак, а толькі на 1 п. п.
На рубель ціснуць геапалітычная нявызначанасць і пагаршэнне макраэканамічных паказчыкаў Расіі — запаволенне тэмпаў росту ВУП, рост бюджэтнага дэфіцыту, пералічвае вядучы аналітык Freedom Finance Global Наталля Мільчакова. Стрымаць падзенне рубля можа «прарыў» у ўрэгуляванні ва Украіне, а калі мірныя планы сарвуцца, то долар здольны ўзляцець і да 100 рублёў, не выключае эксперт.