10 снежня 2025, Серада, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Пуцін плануе прапанаваць «паветранае перамір'е» ва Украіне

13
Bloomberg: Пуцін плануе прапанаваць «паветранае перамір'е» ва Украіне

Каб унікнуць санкцый Трампа.

Крэмль разглядае магчымасць пайсці на саступкі прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, прапанаваўшы «паветранае перамір'е» з Украінай, каб унікнуць новых санкцый пасля заканчэння тэрміну вылучанага Трампам ультыматуму. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы. Пры гэтым Масква плануе прадаўжаць ваенную агрэсію супраць суседняй дзяржавы і не збіраецца спыняць баявыя дзеянні поўнасцю.

Паводле словаў суразмоўцаў агенцтва, будучы візіт адмысловага прадстаўніка ЗША Стыва Уіткафа ў Расею адчыняе для Масквы запозненае акно магчымасцяў для дасягнення якіх-небудзь дамоўленасцяў з Трампам, хай і з мінімальнымі шанцамі на поспех. Адна з крыніцаў расказала, што ў якасці жэсту дээскалацыі можа разглядацца прыпыненне расейскіх авіяўдараў з ужываннем ракетаў і беспілотнікаў – пры ўмове, што Украіна таксама пагодзіцца на падобны крок. Тым не менш Уладзімір Пуцін не гатовы абмяркоўваць паўнавартаснае спыненне агню, мяркуючы, паводле інфармацыі агенцтва, што расейскія войскі захоўваюць наступальную ініцыятыву, а мэты «СВА» будуць дасягнутыя.

Застаецца незразумелым, ці будзе патэнцыйная прапанова Масквы суправаджацца ўмовамі, якія зробяць яе непрымальнай для Украіны і яе заходніх хаўруснікаў, адзначае Bloomberg.

«Трампу трэба нешта накшталт “падарунку” – саступка з боку Расеі. Паветранае перамір'е магло б стаць такім жэстам», – пракаментаваў сітуацыю ў гутарцы з Bloomberg блізкі да Крамля палітолаг Сяргей Маркаў.

Раней Трамп заявіў, што Стыў Уіткаф прыбудзе ў Расею ў сераду, 6 жніўня. Гэта будзе ўжо ягоны пяты візіт у краіну з пачатку года. У Крамлі не выключаюць, што падчас паездкі можа адбыцца сустрэча Уіткафа з Пуціным.

У канцы ліпеня прэзідэнт ЗША прыгразіў увесці з 8 жніўня 100-адсоткавыя мыты на тавары з краінаў, якія набываюць расейскую нафту і іншыя тавары, калі Масква не спыніць баявыя дзеянні супраць Украіны.

Між тым крыніцы Reuters сцвярджаюць, што ўльтыматум Трампа не змяніў намераў расейскага кіраўніцтва. Паводле іхніх словаў, Уладзімір Пуцін па-ранейшаму накіраваны на захоп чатырох украінскіх абласцей – Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай, якія былі абвешчаныя часткай Расеі пасля псеўдарэферэндумаў восенню 2022 года. Расейскі прэзідэнт, як сцвярджаюць суразмоўцы агенцтва, упэўнены, што войска РФ перамагае на полі бою, і не верыць у эфектыўнасць новых санкцый.

Акрамя таго, крыніцы, блізкія да Крамля, расказалі Reuters, што расейскія генералы запэўнілі Пуціна ў хуткім прарыве ўкраінскай лініі абароны. Паводле словаў военачальнікаў, для дасягнення гэтай мэты расейскаму войску нібыта спатрэбіцца два-тры месяцы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках