Колькасць фінансавых пірамідаў у Расеі вырасла на траціну
6- 5.08.2025, 20:51
- 2,598
Рост прыбыткаў расейцаў прываблівае ўсё большую ўвагу ашуканцаў.
Цэнтрабанк РФ за паўгода выявіў 4183 суб'екты з прыкметамі нелегальнай дзейнасці, у тым ліку фінансавых пірамідаў. Гэта на 20% больш, чым год таму. Асабліва хутка, на 35% расла колькасць фінансавых пірамідаў: ЦБ выявіў іх больш за 2,3 тыс. супраць 1,7 тыс. у студзені – чэрвені 2024 г. Летась колькасць пірамідаў вырасла ў 1,9 разы да 5,5 тыс., піша The Moscow Times.
Амаль усе яны (больш за 99%) дзейнічалі ў форме кароткатэрміновых псеўдаінвестыцыйных інтэрнэт-праектаў, піша ЦБ. Многія прапаноўвалі хуткі і гарантаваны прыбытак ад укладанняў у крыптавалюты і крыптаактывы – больш за 1 тыс. праектаў. Астатнія пірамідальныя схемы абяцалі хуткі заробак нібыта ад інвестыцый у больш класічныя актывы – каштоўныя металы, сыравінныя тавары і розныя «інавацыйныя бізнэсы».
Прыкметна скарацілася колькасць ашуканскіх схемаў у форме эканамічных гульняў, якія сімулююць інвестыцыйную дзейнасць і гарантуюць прыбытковасць, цешыцца рэгулятар. За паўгода ён выявіў усяго 74 такія гульні супраць 252 гульняў годам раней. ЦБ звязвае гэта «ў тым ліку з астуджэннем цікавасці да гульняў-клікераў, верагодна, праз расчараванне патэнцыйнай аўдыторыі пасля абясцэньвання токенаў адной з найбольш папулярных гульняў». Рэгулятар ніколі не заве пэўныя кампаніі, але, верагодна, гаворка можа ісці пра токен HMSTR з гульні Hamster Kombat, які, як і прасоўваны стваральнікам Telegram Паўлам Дуравым Notcoin з падобнай гульні, дастаўся не ўсім і патаннеў у разы. Дамагчыся большага прагрэсу ў гульні можна было, сярод іншага, за кошт прываблівання сяброў. Мільёны «тапалі хамяка», але хоць які прыкметны прыбытак атрымалі нямногія.
Піраміды ўсё больш працуюць анлайн, і маніторынг ЦБ дазваляе хутка выяўляць і блакаваць іх, часта да індэксацыі пошукавікамі, апавядаў рэгулятар. Адваротны бок медаля: такія праекты лёгка маштабуюцца, і ашуканцы хутка ствараюць новыя схемы.
Пры гэтым захаваліся класічныя піраміды, адзначаў ЦБ, якія працуюць афлайн – «нават вярнулася практыка праводзіць прэзентацыі, абтэлефаноўваць патэнцыйных кліентаў, запрашаць іх у офіс». Колькі грошай расейцы страцілі ў пірамідах і іншых ашуканскіх структурах, ЦБ не паведамляе.
Хоць агульная колькасць пірамідаў павялічылася, ЦБ выяўляе іх значна хутчэй, і тэрмін іх жыцця скараціўся, адзначае дырэктар дэпартамента нябанкаўскага крэдытавання ЦБ Ілля Качаткоў. Калі піраміды становяцца даволі вялікімі, людзі больш актыўна нясуць у іх грошы. «Забіваць піраміды трэба, пакуль яны яшчэ "чайнікі", а не пакуль ператварыліся ў паравозы», – заклікаў былы дырэктар дэпартамента процідзеяння нядобрасумленным практыкам ЦБ Валерый Лях.