Трамп ацаніў магчымасць удзелу ў наступных выбарах прэзідэнта ЗША
9- 5.08.2025, 18:00
- 6,636
Згодна з Канстытуцыяй ЗША, нельга займаць пасаду прэзідэнта больш за два разы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што " імаверна" не стане балатавацца на трэці тэрмін. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу CNBC і адзначыў, што ў яго цяпер "лепшыя рэйтынгі за ўвесь час", піша Politico (пераклад - сайт Charter97.org).
Тым не менш, Трамп юрыдычна не можа быць абраны зноў. Паводле 22-й папраўкі да Канстытуцыі ЗША, адна асоба не можа быць абраная прэзідэнтам больш за два разы. Гэтае абмежаванне распаўсюджваецца і на Трампа, нягледзячы на тое, што яго два тэрміны былі не запар.
Нягледзячы на гэта, прыхільнікі палітыка і сам Трамп не раз намякалі на магчымасць абыходу гэтай забароны. Сярод сцэнарыяў, якія абмяркоўваюць, — адмена папраўкі, а таксама балаціроўка на пасаду віцэ-прэзідэнта з наступным уступленнем на пасаду кіраўніка дзяржавы. Увесну ў інтэрв'ю NBC Трамп заявіў, што існуюць "пэўныя метады" вяртання ў Белы дом.
Тым часам, у афіцыйнай інтэрнэт-краме Трампа ўжо прадаюць тавары з сімволікай кампаніі 2028 года. “Будучыня — светлая! Перапішы правілы з кепкай Trump 2028”, - гаворыцца ў апісанні аднаго з тавараў.
Прэс-сакратар Трампа Стывен Чон раней падкрэсліваў, што прэзідэнт засяроджаны на тым, каб "выправіць шкоду, нанесеную Байдэнам".