Зяленскі: Расейцы забіваюць у дзень перамоваў
10- 15.08.2025, 20:06
- 4,662
ФОТА: GETTY IMAGES
Сігналаў пра заканчэнне вайны няма.
Расейскія акупанты прадаўжаюць забойствы цывільных асобаў нават у дзень перамоваў на Алясцы. Масква не дэманструе ніякіх сігналаў таго, што яна гатовая спыніць вайну ва Украіне.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на вечаровы зварот прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Зяленскі адзначыў, што ён атрымлівае даклады ад выведкі і дыпламатаў пра падрыхтоўку сустрэчы на Алясцы – пра тое, з чым едзе туды расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін. Паралельна паступаюць даклады з рэгіёнаў Украіны, якія 15 жніўня патрапілі пад расейскія атакі.
«Сумы – расейскі ўдар па цэнтральным рынку. Дняпроўшчына – удары па гарадах і прадпрыемствах. Запарожжа, Херсоншчына, Данеччына – свядомыя расейскія ўдары. Вайна прадаўжаецца», – адзначыў Зяленскі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што няма ніякіх сігналаў пра падрыхтоўку Крамля заканчваць вайну ва Украіне. У дзень перамоваў на Алясцы вораг прадаўжае забіваць. Гэта вельмі шмат гаворыць пра рэальныя намеры расейскага рэжыму і Пуціна.
«Напярэдадні мы абмеркавалі са Злучанымі Штатамі Амерыкі, з еўрапейцамі, што сапраўды можа спрацаваць. Усім трэба сумленнае заканчэнне вайны. Украіна гатовая працаваць максімальна прадуктыўна, каб закончыць вайну. Спадзяемся на моцную пазіцыю Амерыкі. Усё будзе ад гэтага залежаць – расейцы бяруць да ўвагі амерыканскую сілу. Менавіта на сілу», – рэзюмаваў Зяленскі.