Гатэлі Беларусі знаходзяцца ў глыбокім крызісе
9- 15.08.2025, 19:51
- 8,114
Эканоміць будуць на ўсім.
Кіраўніца аддзела сертыфікацыі паслуг Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Таццяна Смірнова расказала БелТА, што ў некаторых гатэлях краіны выключаць наяўнасць тэлевізара.
Так, да патрабаванняў нацыянальнага стандарту СТБ 2577-2020 распрацаваныя дзве змены. Паводле праекту другой, якая прайшла стадыю грамадскага абмеркавання, у аснову пакладзеная практыка сертыфікацыі паводле новага нацстандарту.
«У мэтах эканоміі зменшылася колькасць розных сродкаў мыцця бялізны, ручнікоў, гаплікаў у санвузле», – прывяла прыклады зменаў Таццяна Смірнова.
Шэраг новаўвядзенняў закране, паводле ейных словаў, тэлефонную сувязь.
«Пакінулі толькі ўнутраную і гарадскую ці іншыя сродкі камунікацыі для гатэляў высокай катэгорыі, бо прагрэс ідзе наперад. Міжнародная і міжгародняя тэлефонная сувязь цяпер не запатрабаваная», – адзначыла спікерка.
Таксама Смірнова дадала:
«Для нумароў нізкай катэгорыі гатэляў без зорак выключана наяўнасць тэлевізараў. Акрамя таго, знізілі патрабаванні да ведаў замежных моваў для гатэляў самых нізкіх катэгорый».
А вось дамы паляўнічага, дамы рыбака, шале, бунгала і гасцявыя дамы і зусім прапануюць выключыць з сферы дзеяння стандарту.
«У сувязі з тым, што да іх увогуле асобныя патрабаванні, акрамя як да гатэляў без катэгорыі, вызначыць даволі складана», – кажа Таццяна Смірнова.