Трэці буйны расейскі НПЗ спыніўся
13- 15.08.2025, 19:27
- 14,346
НПЗ атакавалі дроны.
Трэці буйны нафтаперапрацоўчы завод у Расеі спыніўся пасля шэрагу ўдараў украінскіх дронаў, які пачаўся два тыдні таму і закрануў як мінімум сем НПЗ, паведамляе The Moscow Times.
Валгаградскі НПЗ «Лукойла» – адзін з найбуйнейшых на поўдні Расеі, уваходзіць у топ-10 у краіне – спыніў прыём нафты, паведамляе Bloomberg са спасылкай на знаёмую з сітуацыяй крыніцу.
На заводзе магутнасцю 14,8 млн тонаў за год у чацвер узнік пажар пасля таго, на тэрыторыю прадпрыемстваў упалі абломкі БПЛА. На заводзе ўзнік разліў нафты, а загаранне тушылі блізу 19 гадзінаў.
11 жніўня таксама спыніў працу Саратаўскі НПЗ «Раснафты», які атрымаў пашкоджанні ў выніку налёту дронаў, які ахапіў 13 рэгіёнаў РФ і Крым.
2 жніўня поўнасцю спыніў выпуск паліва Навакуйбышаўскі НПЗ – найбольш абсталяваны ў самарскай групе «Раснафты». Ягоная магутнасць складае 8,3 млн тонаў за год.
У той самы дзень блізу паловы магутнасцяў спыніў Разанскі НПЗ, які забяспечвае палівам у тым ліку маскоўскі рэгіён. На заводзе магутнасцю 13,8 млн тонаў за год – найбуйнейшым у «Раснафты» – адбылася аварыя на дзвюх з трох установак першаснай перапрацоўкі сыравіны. Рамонт Навакуйбышаўскага і Разанскага НПЗ задоўжыцца на месяц, гаварылі раней крыніцы Reuters.
7 жніўня таксама пад удар БПЛА трапіў Афіпскі НПЗ у Краснадарскім Краі, а 10 жніўня – НПЗ «Лукойл-Ухтаннафтаперапрацоўка» ў рэспубліцы Комі на адлегласці амаль 2 тысячы км ад мяжы з Украінай. У ноч на 15 жніўня быў атакаваны Сызранскі НПЗ у Самарскай вобласці.