9 снежня 2025, aўторак, 20:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макс Корж у Варшаве: «Спыні вайну!»

19
Макс Корж у Варшаве: «Спыні вайну!»
Фота: «Наша Ніва»

Беларускі музыка на канцэрце выступіў з антываеннай прамовай.

Беларускі спявак Макс Корж даў 9 жніўня канцэрт на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. Шоў ледзь не сарвалася праз паводзіны фанатаў, а музыка заклікаў спыніць вайну і выступіў за добрасуседства паміж Беларуссю і Польшчай, піша «Белсат».

Канцэрт Макса Каржа ў Варшаве быў анансаваны яшчэ ў 2024 годзе, і квіткі раскупілі за пяць дзён. Нацыянальны стадыён, дзе адбылося шоў, разлічаныя на 60 тысяч гледачоў.

Напярэдадні канцэрта арганізатары папярэдзілі, што з бел-чырвона-белымі сцягамі на пляцоўку не пусцяць, на ўваходзе ахова адбірала таксама ўкраінскія сцягі, аднак некаторым фанатам усё ж удалося пранесці сімволіку.

Фота: immiraslau / Telegram

На ўваходзе на стадыён утварылася вялізная чарга, з'явіліся паведамленні, што ўзніклі праблемы са сканаваннем квіткоў, і гэта стварала дадатковыя замінкі.

Яшчэ адна замінка ўзнікла праз паводзіны гледачоў: яны пачалі выбягаць з трыбун у фан-зону. Ахова разам з паліцыяй спрабавала лавіць «уцекачоў», аднак не справілася.

Са сцэны заклікалі гледачоў-перабежчыкаў вярнуцца на свае месцы і папярэдзілі, што канцэрт пад пагрозай зрыву. У выніку шоў пачалося са спазненнем на паўтары гадзіны.

Падчас канцэрта Корж выступіў з антываеннай прамовай:

«У закладніках вялізная колькасць людзей. Уся краіна ў закладніках. Калі людзі, якія не падпісваліся на гэта, гніюць і паміраюць у акопах. Ніхто не нараджаецца на гэтую зямлю быць забітым, ніхто. Ніводны бацька не выхоўвае свайго сына, каб аддаць яго проста на разарванне. Кожны бацька ўкладвае ў свайго сына максімум таго, што ён не здолеў зрабіць у жыцці сам. Хто добраахвотна можа аддаць гэта? Гэта трэба спыніць, сябры».

«Менавіта ў гэтую хвіліну я ведаю, што зрабіць», - сказаў спявак і шматразова крыкнуў: «Спыні вайну! Stop the War!» Гледачы за ім паўтаралі.

Акрамя таго, Макс Корж заклікаў Беларусь і Польшчу да добрасуседства, бо два народы нічым, акрамя мовы, не адрозніваюцца:

«Я - беларус, з Беларусі. Мы з вамі суседзі, і я думаю неабходным сказаць: беларусы і палякі нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго, як і іншыя народы, адрозніваюцца толькі мовай. Я ведаю, часы нялёгкія, але вы павінны запомніць: палітыка - гэта палітыка, а простыя людзі - гэта простыя людзі».

Музыка адзначыў, што палякі, як і беларусы, добрыя і працавітыя.

«Не дай Бог, калі-небудзь вам скажуць, што гэты вораг ці гэты вораг. Запомніце: самы галоўны вораг кожнага народа - гэта простая маніпуляцыя. Я зычу вам толькі міру. Я бачу, вы нядрэнна жывяце, працягвайце далей таксама», - сказаў Корж.

Пасля выступу музыка апублікаваў галасавое паведамленне ў сваім Telegram-канале: «Дзякуй, малыя, за гэты канцэрт. Атрымлівайце асалоду ад начной Варшавы».

Наступны канцэрт спевака пройдзе ў Алматы 6 верасня.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках