28 сакавiка 2025, Пятніца, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нямеччыне арыштавалі Bugatti і Lamborghini Абрамовіча

15
У Нямеччыне арыштавалі Bugatti і Lamborghini Абрамовіча
РАМАН АБРАМОВІЧ

Расейскага мільярдэра западозрылі ў абыходзе санкцый.

Пракуратура Франкфурта-на-Майне западозрыла 58-гадовага расейскага мільярдэра Рамана Абрамовічa ў абходзе санкцый.

Установа ініцыявала расследаванне і арыштавала чатыры люксавыя аўтамабілі, якія могуць належаць бізнэсмэну.

Гаворка ідзе пра Mercedes, Lamborghini і два Bugatti агульным коштам некалькі мільёнаў еўраў.

У цяперашні час яны захоўваюцца ў спецыялізаванай кампаніі для продажу старадаўніх і спартовых аўтамабіляў у Оберзульме (Бадэн-Вюртэмберг).

Пасля арышту іх больш нельга прадаць, здаць у арэнду або закласці, піша Der Spiegel.

Акрамя гэтага следчыя з Федэральнай управы крымінальнай паліцыі і Цэнтральнай управы выканання санкцый некалькі разоў абшуквалі загарадную вілу Leitenschlössl у Гарміш-Партэнкірхене (Баварыя), канчатковым уласнікам якой, як мяркуецца, таксама з'яўляецца Абрамовіч. У якасці доказаў было канфіскавана некалькі твораў мастацтва.

Віла, пабудаваная ў канцы XIX стагоддзя для багатага мюнхенскага хіміка, раней належала дачцэ першага прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына Таццяне Дзячэнцы. У 2005 годзе бурмістр Гарміш-Партэнкірхена гаварыў, што гэтую нерухомасць набыў Абрамовіч «праз адну са сваіх кампаній». Мясцовыя жыхары не раз бачылі там бізнэсмэна.

Цяпер у нямецкім зямельным кадастры ў якасці ўладальніка нерухомасці ўказаная фірма Parados Limited, зарэгістраваная ў Ліхтэнштэйне. Мільярдэра падазраюць у тым, што ён парушыў закон аб знешнім гандлі і абавязальніцтвы дэкларавання актываў перад нямецкім Бундэсбанкам і Федэральнай установай эканомікі і экспартнага кантролю. У выпадку абвінаваўчага прысуду Абрамовічу пагражае да года пазбаўлення волі ці штрафу. Адвакат бізнэсмэна заявіў, што ягоны кліент не мае дачынення ні да вілы, ні да шыкоўных аўтамабіляў.

Раней Абрамовіча западозрылі ў стварэнні фіктыўнай схемы арэнды супер'яхтаў на Кіпры для ўхілення ад выплаты падаткаў. Журналісты OCCRP вывучылі выцечкі звестак і перапісак, высветліўшы, што з 1999 да 2010 года бізнэсмэн сабраў флот з пяці караблёў агульным коштам блізу $ 1,2 млрд, уключаючы Eclipse – на той момант самую доўгую яхту ў свеце, абсталяваную дзвюма гелікаптэрнымі пляцоўкамі і аквадыскатэкай. Усе яны былі аформленыя так, быццам узятыя ў лізінг, каб унікнуць выплаты мільёнаў еўраў ПДВ на іх пакупку і эксплуатацыйных выдаткаў. Акрамя таго, Абрамовіч, магчыма, завінаваціўся да 1 млрд фунтаў стэрлінгаў Вялікай Брытаніі пасля няўдалай спробы ўнікнуць выплаты падаткаў на інвестыцыі ў хэдж-фонды, гаварылася ў расследаванні.

Абрамовіч трапіў пад санкцыі ЕЗ і Вялікай Брытаніі ў сакавіку 2022 года – амаль адразу пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Брусэль у абгрунтаванні назваў яго «расейскім алігархам, які мае даўнія і цесныя сувязі з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным», што «дапамагло яму захаваць сваё значнае багацце». Абрамовіч аспрэчыў санкцыі ЕЗ, але саступіў у судзе. Апошні спаслаўся на ролю бізнэсмэна ў кампаніі Evraz, адзначыўшы, што металургія «з'яўляецца адной з асноўных крыніцаў прыбытку расейскага ўраду». Абрамовічу належыць 28,64 адсотка кампаніі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках