Набівуліна пахавала надзеі расейцаў
15- 15.02.2025, 21:20
- 28,674

Да высокай інфляцыі ў эканоміцы дадасца яшчэ адна з'ява.
Пакуль расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін корміць расейцаў міфамі пра «стабільнасць» эканомікі РФ, нібы не заўважаючы наймацнейшага за апошнія восем гадоў разгону інфляцыі, падкантрольныя яму чыноўнікі значна менш аптымістычныя і прадракаюць яшчэ адзін год высокага росту коштаў тавараў, а таксама прагназуюць рэзкае запаволенне росту ВУП, піша «Диалог.UA».
Яшчэ адзін год высокай інфляцыі
Згодна з макрапрагнозам, апублікаваным Цэнтрабанкам РФ, у канцы 2025 года інфляцыя чакаецца на ўзроўні 7-8%, хоць яшчэ ў кастрычніку летась ЦБ спадзяваўся затармазіць інфляцыю да 4,5–5%.
Цяпер вяртанне да 4-адсоткавай мэты адкладаецца на 2026 год.
«Пра пералом трэнду гаворкі пакуль не ідзе», – заявіла кіраўніца расейскага Цэнтрабанка Эльвіра Набівуліна .
Паводле ейных словаў, пік інфляцыі прыпадзе на красавік – травень, пасля чаго некаторае яе павышэнне магчымае ў ліпені, калі адбудзецца штогадовая індэксацыя тарыфаў.
На тыдні з 4 да 10 лютага інфляцыя ў РФ паскорылася да 9,99 з 9,92% на тыдзень раней.
Эканоміка рухаецца да стагнацыі
Акрамя таго, сёлета прагназуецца рэзкае запаволенне эканомікі: тэмпы росту расейскага ВУП з 4,1% у 2024 годзе зменшацца да 1-2% у 2025 годзе, а налета расейская эканоміка і зусім апынецца на мяжы стагнацыі – рост складзе ўсяго 0,5–1,5%.
Зніжэнне чакаецца і ў спажывецкай актыўнасці: пасля павелічэння на 5,5% летась прыватнае спажыванне сёлета вырасце ўсяго на 0,5–1,5%.
Інвестыцыі, якія выраслі ў 2024 годзе на 10,2%, сёлета могуць поўнасцю спыніцца.
Паводле вынікаў пасяджэння ў пятніцу ЦБ пакінуў без зменаў ключавую стаўку – на ўзроўні 21% гадавых, але дапусціў магчымасць яе павышэння на наступных пасяджэннях.
Цяперашняя стаўка ў Расеі і без таго з'яўляецца рэкорднай з 2002 года.
Летась яна павышалася тройчы ў надзеі затармазіць інфляцыю, але гэтыя захады не прынеслі выніку.