Лукашэнка: Нават калі ва Украіне ўсталюецца мір, нам ад гэтага лягчэй не стане
9- 9.12.2025, 20:46
- 5,444
Дыктатар заявіў, што ягоны рэжым «будуць душыць і далей».
Нават калі «сёння ці заўтра» ва Украіне ўсталюецца мір, афіцыйнаму Мінску «ад гэтага лягчэй не стане». Такое меркаванне агучыў Аляксандр Лукашэнка 9 снежня на пасяджэнні Савета бяспекі.
Узурпатар адзначыў, што на беларуска-ўкраінскай мяжы «больш-менш стабілізавалася сітуацыя», хоць там дагэтуль «праблем вышэй за дах». 8 снежня кіраўнік Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў, напрыклад, далажыў яму, што на гэтым участку яшчэ «шмат пытанняў, якія трэба вырашаць у мабілізацыйным парадку: і выбудоўваць мяжу, якую кінулі з боку Украіны, і будаваць заставы, і ўзбройваць памежнікаў». Больш за тое, адзначыў дыктатар, у другой лініі за памежнікамі даводзіцца выстаўляць Узброеныя Сілы.
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь вітае перамовы па Украіне, але адзначыў, што калі «нават удасца ўсталяваць мір сёння ці заўтра, нам ад гэтага лягчэй не стане».
— Нас будуць душыць і далей. І асабліва вось гэтыя дзяржавы… Не хачу іх абражаць, каб не пакрыўдзіць народ, які ў нас на поўначы або паўночным захадзе, — сказаў узурпатар. — Яны ад нас нешта патрабуюць. А калі б мы ў Беларусі стваралі альтэрнатыўныя ўрады і падтрымлівалі «байцоў за незалежнасць». Яны там ствараюць баявыя атрады, яны іх узбройваюць. Памятаеце — харугвы. Яны нікуды не падзеліся. І цэлыя палкі, як яны гэта называюць. Гэта што, жарт? І яны яшчэ нам нейкія прэтэнзіі прад’яўляюць. Ну, утрымліваюць яны іх — хай утрымліваюць. Калі ў іх ёсць грошы. Але калі гэта накіравана супраць нашай краіны, як мы на гэта павінны рэагаваць.
Як піша прэс-служба дыктатара, «з улікам абстаноўкі, якая складваецца, і мілітарызацыі заходніх краін» Лукашэнка «заявіў пра неабходнасць актуалізаваць абаронныя дзеянні Беларусі» для таго, каб «усе бачылі (і перадусім наш народ), што мы гатовыя абараняць кожны клаптык нашай зямлі».
— Мы не хочам вайны, мы нікога не лічым сваімі праціўнікамі і супернікамі. Але тым не менш мы рыхтуемся да гэтай вайны, каб яе не было, — заявіў Лукашэнка.