ЕС — Трампу: Мы ганарымся нашымі лідарамі
3- 9.12.2025, 16:50
- 2,884
Заява прагучала ў адказ на крытыку амерыканскага прэзідэнта.
Еўрапейскі саюз у аўторак заявіў, што не пагаджаецца з рэзкай ацэнкай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які назваў Еўропу «раскладаючайся» і кіраванай «слабымі» лідэрамі, піша Politico (пераклад — сайт Charter97.org).
Амерыканскі прэзідэнт-рэспубліканец раскрытыкаваў еўрапейскіх кіраўнікоў дзяржаў, заявіўшы, што яны «не ведаюць, што рабіць» і не спраўляюцца з міграцыяй.
У адказ на гэтыя выказванні афіцыйная прадстаўніца Еўракамісіі Паўла Пінью выступіла ў абарону кіраўніцтва ЕС.
«Мы рады і ўдзячныя, што ў нас выдатныя лідары, пачынаючы з кіраўніцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, якой мы вельмі ганарымся і якая вядзе нас праз шматлікія выклікі», — сказала Пінью.
Яна падкрэсліла, што ў ЕС ёсць і іншыя моцныя кіраўнікі на ўзроўні 27 дзяржаў-членаў, якія развіваюць еўрапейскі праект і трымаюць курс ва ўмовах гандлёвых праблем і вайны.
«Дазвольце яшчэ раз падкрэсліць тое, што адчуваюць мільёны грамадзянаў ЕС: мы ганарымся нашымі лідарамі», — дадала прадстаўніца Еўракамісіі.
Апошнімі днямі Трамп і яго атачэнне неаднаразова крытыкавалі Еўропу. У прыватнасці, у амерыканскім стратэгічным дакуменце сказана, што ЕС знаходзіцца ў стане «цывілізацыйнага заняпаду», а чыноўнікі абвінавацілі Брусель у «цэнзуры» пасля штрафу ў €120 млн сацсетцы X Ілона Маска за парушэнне правілаў празрыстасці.