Прарыў трубы ў Лувры пашкодзіў 400 старажытных экспанатаў з Егіпта
8- 7.12.2025, 17:55
- 5,038
Частка рукапісаў пацярпела настолькі, што іх ужо немагчыма аднавіць.
Шэраг французскіх СМІ даведаліся, што ў выніку бытавай аварыі ў Лувры напрыканцы лістапада пацярпелі сотні старажытных экспанатаў з Егіпта — што ўжо з'яўляецца другім скандальным выпадкам у музеі пасля гучнага рабавання, паведамляе Le Figaro.
Паводле дадзеных СМІ, аварыя адбылася яшчэ 27 лістапада — у музеі прарвала трубу са сцёчнымі водамі, у выніку чаго былі «сур'ёзна пашкоджаныя» каля 400 экспанатаў з бібліятэкі егіпецкіх старажытнасцей.
У La Tribune de l’art сцвярджаюць, што некаторыя старажытныя рукапісы пацярпелі настолькі, што аднавіць іх ужо немагчыма. Вада ад «патопу» нібыта прасочылася праз падлогу на першы паверх якраз над электрычнай шафай, што пры найгоршым развіцці падзей магло прывесці да пажару.
BFMTV атрымалі ўнутраную запіску з музея, з якой вынікае, што пра праблемы з трубой ведалі яшчэ да інцыдэнту.
У La Tribune de l'Art пішуць, што адказныя за аддзел егіпецкіх старажытнасцей гадамі паведамлялі вышэйшаму кіраўніцтву пра рызыкі для экспанатаў у выпадку прарыву схаваных пад столлю труб, якія перыядычна працякалі, і пра гэта было вядома — аднак у выніку нічога зроблена не было.