Літва можа спыніць аўтобусныя зносіны з Беларуссю
33- 7.12.2025, 17:03
- 19,228
Рашэнне могуць прыняць разам з Польшчай і Латвіяй.
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што варта абмеркаваць прыпыненне рэгулярных пасажырскіх перавозак у Беларусь і Расію, піша LRT.
Кандратовіч прапанаваў абмеркаваць досвед Латвіі, улады якой імкнуцца цалкам забараніць аўтобусныя зносіны з Беларуссю.
«Безумоўна, гэта, магчыма, адна з такіх мер. Пытанне толькі ў тым, як гэта паўплывае на беларускі рэжым — балюча гэта, ці, магчыма, не вельмі балюча для іх, або, можа, гэта яшчэ больш узмоцніць варожыя настроі ў дачыненні да Еўрапейскага Саюза і іншых краін. Таму, лічу, у дадзеным выпадку гэта сапраўды варта разгляду, трэба глядзець, як будзе», — сказаў міністр агенцтву BNS.
Гэтае пытанне Кандратовіч мае намер абмеркаваць на наступным тыдні са сваімі калегамі з Польшчы і Латвіі ў Бруселі.
«Мы закранём гэтае пытанне разам. Бо тут патрэбнае агульнае рашэнне, я лічу, не толькі Латвіі, але і Літвы, і Польшчы. Трэба паглядзець, які будзе агульны падыход», — адзначыў ён.
Праект па спыненні рэгулярных маршрутаў у Беларусь і Расію ўжо рыхтуе Міністэрства транспарту Латвіі. Паводле слоў латвійскага міністра транспарту Аціса Швінкса, пастанова будзе грунтавацца на меркаваннях бяспекі і прадугледжвае магчымасць перагляду рашэння ў выпадку змены сітуацыі.
Міністр адзначыў, што такой пастановай Кабінета міністраў будуць спыненыя рэгулярныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі ў Расію і Беларусь, будуць адкліканыя дзейныя дазволы для перавозчыкаў або будзе адмоўлена ў іх абнаўленні.
Урад Літвы на наступным тыдні мае намер абвясціць надзвычайную сітуацыю з-за пагроз, якія нясуць кантрабандныя паветраныя шары з Беларусі. У той жа час апазіцыя прапануе абвясціць не надзвычайную сітуацыю, а надзвычайнае становішча.
Палёты кантрабандных паветраных шароў з Беларусі за апошнія месяцы ўжо некалькі разоў паўплывалі на працу Вільнюскага аэрапорта.
Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў, сёлета зафіксавана 599 залётаў кантрабандных паветраных шароў і 197 дронаў у паветраную прастору Літвы. Гэтыя атакі парушылі 320 рэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да закрыцця аэрапортаў амаль на 60 гадзін.
У сувязі з гэтым, пасля таго як Вільнюс на некалькі тыдняў абмежаваў дзейнасць памежных пунктаў з Беларуссю, Мінск адмаўляецца выпускаць зарэгістраваныя ў Літве вялікагрузныя аўтамабілі. Кіраўніцтва Літвы лічыць гэтыя дзеянні гібрыднай атакай з боку беларускіх уладаў.