У Беларусі — новае абвастрэнне вакол «дармаедаў»
27- 7.12.2025, 11:36
- 15,168
У МУС заявілі, што для некаторых беспрацоўных хочуць увесці «адміністратыўку».
Міліцыя працягвае займацца «дармаедамі». Сярод іншага сілавікі бяруць удзел у пасяджэннях камісій па «ўтрыманцах», а таксама ў кірмашах вакансій. Раней у МУС заявілі, што прапануюць увесці адміністрацыйную адказнасць за «невыкананне абавязкаў па працаўладкаванні і праходжанні лячэння», піша «Зеркало».
У Дзяржынскім раёне ў лістападзе мясцовы цэнтр занятасці і РАУС сабралі на прафілактычную акцыю тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. Ім, сярод іншага, расказалі пра варыянты працаўладкавання і прафесійнай перападрыхтоўкі.
У Валожынскім раёне служба занятасці і крымінальна-выканаўчая інспекцыя мясцовага РАУС правялі кірмаш вакансій для тых, хто стаіць на ўліку ў міліцыі. У Капыльскім раёне такіх людзей сабралі на прафілактычнае мерапрыемства «Не стань дармаедам». Як паведамляецца, яго наведалі 12 чалавек.
У Бераставіцкім і Драгічынскім раёнах міліцыя таксама брала ўдзел у падобных мерапрыемствах, а ў Жодзіне — у пасяджэнні «дармаедскай» камісіі.
Нагадаем, МУС прапануе ўвесці адміністрацыйную адказнасць для часткі насельніцтва за «невыкананне абавязкаў па працаўладкаванні і праходжанні лячэння». Гаворка пра тых, хто знаходзіўся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі і стаіць на ўліку ў міліцыі.
Раней, 21 студзеня гэтага года, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна актыўней прыцягваць на рынак працы тых, хто не працуе. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на Мінск. А ў лістападзе 2024-га дыктатар сказаў, што ў Беларусі не павінна быць «бамжоў і дармаедаў».
Пасля гэтага ў Мінску і рэгіёнах — напрыклад, у Барысаве і Ваўкавыску — сілавікі даволі актыўна падключыліся да пошуку «ўтрыманцаў» і іх працаўладкавання.