СМІ паведамілі пра сакрэтныя сустрэчы Умерава з кіраўніцтвам ФБР
3- 12.12.2025, 20:50
- 4,684
Апошнім часам ён прынамсі тройчы лятаў у Маямі.
Сакратар РНБО Украіны Рустэм Умераў правёў сакрэтныя сустрэчы з кіраўніцтвам амерыканскага ФБР, якія, паводле дадзеных СМІ, прывнеслі новую порцыю няпэўнасці ў працэс мірнага ўрэгулявання вайны, развязанай РФ.
Пра гэта выданню The Washington Post паведамілі крыніцы, піша «Еўрапейская праўда».
У публікацыі гаворыцца, што апошнім часам Умераў прынамсі тройчы лятаў у Маямі для перамоваў з прадстаўнікамі каманды Дональда Трампа Стывам Уіткофам і Джарэдам Кушнэрам.
Аднак, як распавядаюць крыніцы, падчас свайго знаходжання ў ЗША Умераў таксама правёў закрытыя сустрэчы з дырэктарам ФБР Кашам Патэлам і яго намеснікам Дэнам Бонджына.
Пасол Украіны ў Вашынгтоне Вольга Сцяфанішына пацвердзіла факт сустрэчы Умерава з кіраўніцтвам ФБР і паведаміла The Washington Post, што ён «абмяркоўваў толькі пытанні, звязаныя з нацыянальнай бяспекай», якія не могуць быць абнародаваныя.
Прадстаўнік ФБР заявіў, што падчас сустрэч з Умеравым абмяркоўваліся пытанні, якія датычацца агульных інтарэсаў дзвюх краін у сферы праваахоўнай дзейнасці і нацыянальнай бяспекі.
Прадстаўнік Белага дома заявіў, што «амерыканскія чыноўнікі рэгулярна кантактуюць з сусветнымі лідарамі па пытаннях нацыянальнай бяспекі, што ўяўляюць агульную цікавасць».