Што адбываецца на Кавальскім заводзе цяжкіх штампоўак?
9- 12.12.2025, 20:36
- 11,940
Топ-менеджары прадпрыемства нібыта атрымлівалі адкаты на паўмільёна долараў.
КДК заявіў пра выкрыццё маштабнай карупцыйнай схемы на Кавальскім заводзе цяжкіх штампоўак. Паводле даных ведамства, на працягу некалькіх гадоў топ-менеджары прадпрыемства атрымлівалі хабары ад замежных дылераў.
Пад падазрэннем — трое былых намеснікаў дырэктара па камерцыйных пытаннях, якія змянялі адзін аднаго на той самай пасадзе. Нават затрыманні іх папярэднікаў «на гарачым» не стрымалі наступных кіраўнікоў ад карупцыі.
Як устанавіла следства, схема была завязаная на экспартных пастаўках прадукцыі, у тым ліку расійскім кампаніям. Прадстаўнікі камерцыйных структур перадавалі «адкаты» ў абмен на тое, каб завод адпраўляў прадукцыю менавіта ім.
Паводле даных КДК, фігуранты ўзаемадзейнічалі з трыма фірмамі з Расіі, якія фактычна кантраляваліся з Беларусі — з офіса ў Жодзіне, размешчанага побач з прадпрыемствам. Доля прыбытку ад замежных паставак вярталася менеджарам наяўнымі.
Кожны месяц яны атрымлівалі ад 8 да 13 тысяч долараў — прыкладна 3—4% ад сумы здзелак. Грошы пакідалі на тэрыторыі завода ў дамоўленых месцах: то ў шафе ў кабінеце, то ў пакоі для перамоў. У агульнай складанасці сума хабароў наблізілася да паўмільёна долараў.