Варшанец пусціў пад адкос цягнік
4- 12.12.2025, 16:58
- 12,370
У судзе ён заявіў, што «правяраў машыністаў».
У жніўні гэтага года жыхар Воршы ў стане ап'янення ішоў уздоўж чыгуначных шляхоў і раптам вырашыў перавесці тры ручныя стрэлачныя пераводы ў нейтральнае становішча. Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, такія дзеянні стваралі рызыку сыходу цягніка з рэек — што ў выніку і адбылося. Цяплавоз і першы вагон сышлі з шляхоў, былі пашкоджаныя іх механізмы, стрэлачныя пераводы і частка чыгуначнага палатна.
39-гадовага жыхара Воршы затрымалі неўзабаве пасля інцыдэнту. Ён растлумачыў, што хацеў «проста паглядзець», як машыністы адрэагуюць на нестандартную сітуацыю. Раней мужчына працаваў слесарам у дэпо.
За такі «эксперымент» яму давядзецца заплаціць 18 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі. Акрамя таго, суд прызначыў яму 2 гады і 7 месяцаў «хіміі» і абавязковае лячэнне ад алкагольнай залежнасці.