WSJ: Трампу варта ведаць гэты факт пра Пуціна
9- 12.12.2025, 16:29
- 8,884
Эканамічныя «маркоўкі» для кіраўніка Крамля бязвыніковыя.
Пуцін не прыняў прапанаваны адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа план міру з Украінай, хаця ён надзвычай выгадны для Масквы. План прадугледжваў зняцце санкцый, вяртанне Расіі ў глабальную эканоміку, размарозку мільярдаў долараў расійскіх рэзерваў і амерыканскія інвестыцыі ў дата-цэнтры і рэдказямельныя праекты, піша The Wall Street Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
Нават маштабная карупцыя ў расійскай эліце, ад дэпутатаў Дзярждумы да высокапастаўленых чыноўнікаў, не змяняе прыярытэтаў Пуціна. Ён не шукае прыбытку для сябе — яго інтарэсы імперскія. У параўнанні з амерыканскімі бізнэсоўцамі, якія прапануюць здзелкі за грошы, Пуцін бачыць сябе царом, а не прадпрымальнікам. Ягоныя амбіцыі выходзяць за межы эканомікі: захоп Украіны — гэта элемент фармавання новай зоны ўплыву Расіі і дэманстрацыя статусу вялікай дзяржавы.
Санкцыі Захаду абмяжоўваюць доступ Расіі да тэхналогій і капіталу, але не кардынальна падрываюць эканоміку. У той жа час украінскія ўдары па энергетычным сектары РФ сталі адчувальным фактарам ціску: атакі на нафтаперапрацоўчыя заводы, парты і трубаправоды зніжаюць экспартныя даходы Масквы і ўскладняюць забеспячэнне ўнутранага рынку. Паўторныя ўдары запавольваюць аднаўленне інфраструктуры, ствараючы доўгатэрміновыя эканамічныя цяжкасці для Крамля.
Эканамічныя «маркоўкі» для Пуціна бязвыніковыя. Ён пагодзіцца на спыненне агню толькі тады, калі будзе ўпэўнены, што не здолее перамагчы на полі бою. Любая стратэгія, арыентаваная на фінансавыя стымулы, памылковая. Каб дасягнуць міру, заходнім лідарам неабходна засяродзіцца на аслабленні расійскіх ваенных магчымасцяў, а не на грашовых саступках Крамлю.
Пуцін робіць стаўку на тэрыторыю, а не на грошы — і гэта прынцыпова змяняе падыход да перамоваў пра мір.