Зяленскі прыбыў на Купянскі накірунак
3- 12.12.2025, 16:14
- 4,618
Узброеныя сілы Украіны праводзяць зачыстку горада ад расіян.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 12 снежня, у Дзень Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны, прыехаў на Купянскі накірунак.
«Сёння — Купянскі накірунак, нашы воіны, якія тут дасягаюць вынікаў для Украіны. Шмат расіяне казалі пра Купянск — мы бачым. Быў, павіншаваў хлопцаў. Дзякуй кожнаму падраздзяленню, усім, хто змагаецца тут, усім, хто знішчае акупанта», — напісаў кіраўнік дзяржавы ў сваім Telegram-канале.
Зяленскі адзначыў, што цяпер надзвычай важна дасягаць вынікаў на фронце, каб Украіна магла дасягаць вынікаў у дыпламатыі.
«Менавіта так гэта працуе: усе нашы моцныя пазіцыі ўнутры краіны — моцныя пазіцыі ў размове пра заканчэнне вайны. Дзякуй кожнаму воіну! Ганаруся вамі! Дзякуй усім нашым Сухапутным войскам — сёння выключна ваш дзень. Дзякуй, хлопцы», — дадаў прэзідэнт.
Раней 12 снежня аналітычны праект DeepState паведаміў, што ўкраінскія байцы ачышчаюць Купянск Харкаўскай вобласці ад расійскіх акупантаў. Баі працягваюцца ў цэнтральнай частцы горада.