Эканаміст расказаў, як кітайцы выцясняюць беларусаў з расійскага рынку
7- 12.12.2025, 15:54
- 5,990
У МАЗа пачаліся праблемы.
Расійскі эканаміст Міхаіл Круціхін у эфіры «Еўрарадыё» патлумачыў, з якімі праблемамі сутыкнулася беларуская прадукцыя на расійскім рынку.
— Гэта праблема існавала заўсёды, бо ёсць свае вытворцы, якія кажуць: «Навошта нам імпартаваць і плаціць ім, калі мы можам зрабіць гэта самі тут».
Акрамя таго, мы бачым, што вельмі змянілася сама структура расійскага рынку, структура прадукцыі, нават вайсковай. Напрыклад, мы назіраем падзенне вытворчасці таго, што называецца «іншыя транспартныя сродкі», вытворчасці металаёмістай прадукцыі.
Бо вайна іншая. На гэтай вайне танкі жывуць некалькі хвілін, калі яны выедуць куды-небудзь на лінію фронту. У такім выпадку навошта іх клепаць, гэта металаёмістая прадукцыя, калі патрэбныя сродкі для электроннай вайны: рознага кшталту дроны, антыдроны, нейкія абманкі.
То-бок патрэбная не вельмі металаёмістая, але камп'ютарызаваная прадукцыя, на якую цяпер і накіроўваюць асноўныя сілы.
І закупляць іншую цяпер нявыгадна. Калі ў Беларусі робяць не электронную прадукцыю, а тыя ж аўтамабілі МАЗ, то ім будзе цяжка канкурыраваць з расійскімі прадпрыемствамі, якія ўсё больш аддаюць перавагу кітайскім аўтамабілям, бо яны таннейшыя.
Магчыма, яны і менш праслужаць, але яны таннейшыя. Гэта нармальная канкурэнцыя, якую ўмовы вайны вельмі моцна абвастрылі. Беларускім вытворцам любой прадукцыі з кітайцамі канкурыраваць вельмі цяжка.
Як пісаў сайт Charter97.org, у лістападзе 2025 года на расійскім рынку было прададзена 264 новыя грузавікі ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» — на 42,6% менш, чым за той жа месяц 2024-га (460).