9 лютага 2026, панядзелак, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Добра, што сённяшнія дзеці гэтага не ведаюць»

9
«Добра, што сённяшнія дзеці гэтага не ведаюць»

Медык распавяла пра частую працэдуру, якая яшчэ нядаўна была «жахам» для беларусаў.

Якія прычыны павелічэння адэноідаў? Як сёння праходзяць аперацыі па іх выдаленні і ці сапраўды яны такія страшныя, як раней? Пра гэта распавяла ўрач-аталарынголаг, вядучая навуковая супрацоўніца РНПЦ аталарынгалогіі Людміла Макарына-Кібак.

— Прычын павелічэння адэноідаў даволі шмат. Пачынаючы са спадчыннасці, непераноснасці пэўных прадуктаў (напрыклад, лактозы — сёння ў Беларусі яе можна даказаць) і лекаў, калі адбываецца разрастанне слізістай абалонкі, бо выдзяляецца вялікая колькасць слізі, алергіі, — распавяла медык.

Паводле яе слоў, для лячэння гэтай паталогіі ёсць кансерватыўныя метады, зацверджаныя клінічным пратаколам Міністэрства аховы здароўя.

— Гэта прамыванні паражніны носа, спрэі, прэпараты для прыёму ўнутр. У абавязковым парадку правяраем дзяцей на носьбітства пэўных вірусаў пасля перанесеных захворванняў. Таксама правяраем лактазную недастатковасць або непераноснасць глютэну. Калі разумеем, што адэноіды не паменшыліся, выконваецца хірургічнае ўмяшанне, — сказала Макарына-Кібак.

— Цяжка на яго вырашыцца. Тыя, хто даўно выдаляў адэноіды, распавядаюць нейкія жудасныя гісторыі пра працэдуру. Як гэта адбываецца сёння?

— З 2007 года ў Беларусі арганізаваная сістэма выдалення адэноідаў у дзяцей пад наркозам. Таму цяпер няма тых жудасных момантаў, калі рабілі пад мясцовым абязбольваннем. Я таксама калісьці аперыравала пад мясцовым. Так, вядома, гэта балюча. Але хутка. Гэта ўсё ж такі некантраляванае выдаленне.

Сёння выкарыстоўваюць эндаскопы, спецыяльныя прылады, якія вельмі дакладна зрэзаюць адэноіды. Усё адбываецца пад кантролем зроку, пад кантролем анестэзіёлага. Дзіця праводзяць у аперацыйную ўжо пасля прэмедыкацыі, маці можа знаходзіцца побач. Таму дзеці найчасцей нічога не памятаюць.

Гэта нашы з вамі ўспаміны, вельмі дарослыя. Добра, што сённяшнія дзеці гэтага не ведаюць, — дадала ўрач.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках