7 снежня 2025, Нядзеля, 6:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Apple рыхтуе да выпуску самы танны MacBook

Apple рыхтуе да выпуску самы танны MacBook

Кампанія выпусціць ноўтбук на базе працэсара iPhone.

Чуткі пра выхад таннага MacBook ходзяць ужо даволі даўно, але, здаецца, хутка яны нарэшце стануць рэальнасцю. Новы MacBook на базе чыпсэта iPhone сапраўды будзе бюджэтным паводле меркаў Apple і складзе канкурэнцыю Chromebook'ам.

Новая справаздача Bloomberg не проста пацвердзіла здагадкі наконт новага ноўтбука, але і раскрыла некаторыя характарыстыкі будучага гаджэта, піша phonearena.com. Недарагі MacBook, верагодна, з'явіцца на рынку ў першай палове 2026 года. Пакуль мадэль з кодавай назвай J700 праходзіць этап тэставання.

Што да цаны, то ўжо з'явілася інфармацыя, што новы ноўтбук будзе прадавацца «значна танней за 1000 долараў». Некаторыя нават называюць дакладную суму — 599 долараў на старце продажаў, але якіх-небудзь сур'ёзных пацвярджэнняў гэтай інфармацыі пакуль няма. Праўда, за такую даступнасць давядзецца «разлічыцца» больш слабой тэхнічнай складовай — гэты MacBook будзе выкарыстоўваць менш прасунутыя кампаненты ад іншых прылад. Магчыма, гэта будзе працэсар iPhone і бюджэтны РК-дысплей — крыху меншы, чым 13,6-цалевы экран MacBook Air.

Тым не менш, танны MacBook ужо чакаюць з энтузіязмам — бо больш дэмакратычная цана зробіць яго яшчэ больш папулярным сярод студэнтаў.

Увогуле, гаджэты Apple заўсёды былі дарагімі — і, здавалася б, выпуск бюджэтнай прылады мусіць супярэчыць звыклай стратэгіі Apple, адзначае выданне. Але на самой справе гэта не дзіўна: бо для кампаніі гэта таксама свайго кшталту эксперымент. Apple яшчэ ніколі не выкарыстоўвала чыпы iPhone для Mac, — аднак і самі гэтыя чыпы яшчэ не былі настолькі магутнымі. Напрыклад, найноўшы чып для смартфонаў пераўзыходзіць працэсар для ноўтбукаў M1, выпушчаны ў 2020 годзе.

Зараз, паводле інфармацыі экспертаў, Apple займае каля 9% рынку ноўтбукаў. Яна з'яўляецца чацвёртым па велічыні вытворцам ПК — у тройцы лідараў ідуць Lenovo, HP і Dell. А вось выпуск бюджэтнага MacBook можа ўзмацніць пазіцыі Apple і паспрыяць хуткаму росту яе папулярнасці, асабліва ў ЗША.

Яшчэ спецыялісты адзначаюць, што цана, вядома, мае значэнне. Асноўная мэтавая аўдыторыя новага ноўтбука — гэта звычайныя карыстальнікі, якім ноўтбук патрэбны галоўным чынам для прагляду вэб-старонак і працы з дакументамі. Пакуль, калі яны хочуць менавіта гаджэт ад Apple, то на MacBook Air пачатковага ўзроўню давядзецца выдаткаваць 999 долараў, або ўзяць замест ноўтбука планшэт iPad з дадатковымі аксэсуарамі.

Таму эксперты аптымістычна настроены адносна перспектыў бюджэтнага ноўтбука: маўляў, вельмі многія людзі карыстаюцца iPhone, але пераплачваць за MacBook пры гэтым не хочуць. Таму новая мадэль стане сваесаблівым кампрамісам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках