У Беларусі актывізаваліся ёлачныя махляры
5- 9.11.2025, 17:38
- 4,628
Напярэдадні святаў махляры зноў палююць на давярлівых беларусаў.
Некаторыя беларусы ўжо пачынаюць рыхтавацца да Новага года, і гэтым карыстаюцца тыя, хто імкнецца зарабіць няcумленным шляхам. Ад такіх махляроў пацярпела 35‑гадовая жыхарка Брэсцкай вобласці, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Жанчына ў адной з сацсетак пабачыла рэкламу навагодніх ёлак. Прыгожыя штучныя ёлкі прадаваліся з 50-працэнтнай зніжкай і бясплатнай дастаўкай. Старонка не выклікала ніякіх падазрэнняў: якасныя фота, відэаагляды і апісанні тавару, станоўчыя водгукі — усё вельмі пераканаўча.
Пакупніца напісала прадаўцу і даведалася, што для зніжкі трэба цалкам аплаціць заказ наперад. Яна пагадзілася і папрасіла сястру з Мінска пералічыць на ўказаны рахунак 410 рублёў.
Што было далей, лёгка здагадацца. У прызначаны дзень тавар так і не даставілі. У краме паабяцалі, што «ўдакладзяць і адкажуць», але на працягу тыдня ніхто кліентцы так і не напісаў. А неўзабаве старонку выдалілі з сацсеткі.
Зразумеўшы, што яе падманулі, жанчына звярнулася ў міліцыю, цяпер праводзіцца праверка.
Міліцыянеры нагадваюць, што не варта давяраць прапановам у інтэрнэце з занадта нізкай цаной і аплачваць падобныя тавары наперад.