Зяленскі ўвёў санкцыі супраць чыноўнікаў РФ
- 9.11.2025, 17:11
- 2,050
У спісе — прадстаўнік расійскага дыктатара Дзмітрыеў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў новыя рашэнні аб санкцыях Украіны, якія ён назваў «асаблівымі».
Пра гэта Зяленскі паведаміў у Telegram.
Паводле яго слоў, пад абмежаванні трапілі прадстаўнікі ўрадавых структур РФ, «кашалькі» расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, калабаранты і асобы, датычныя да рабунку на часова акупаваных тэрыторыях.
Прэзідэнт адзначыў, што Расія спрабуе зацягнуць вайну і адначасова легітымізаваць акупацыю ўкраінскіх тэрыторый, у прыватнасці праз прапаганду і фальшывыя «санкцыйныя» рашэнні супраць украінскіх чыноўнікаў.
«Такія паводзіны Расіі заслугоўваюць значна больш моцнага ціску з боку свету і пашырэння межаў гэтага ціску — як супраць усіх крыніц і схем фінансавання расійскай ваеннай машыны, так і супраць кожнага чалавека, які распаўсюджвае прапаганду і ўскладняе прыняцце рашэнняў, накіраваных на дасягненне сапраўднага міру», — падкрэсліў прэзідэнт.
Украіна, паводле яго слоў, ужо рыхтуе прапановы па новых санкцыях для міжнародных партнёраў.
Асобна Зяленскі паведаміў, што пад санкцыі трапілі таксама расійскія выдавецтвы, якія займаюцца апраўданнем агрэсіі і распаўсюджваннем расійскай прапаганды ў свеце.
«Усё ў Расіі, што скіравана на вайну, павінна быць заблакавана», — падсумаваў прэзідэнт.
Супраць каго санкцыі
Першым указам уведзены санкцыі супраць васьмі асоб, датычных да злачынстваў супраць Украіны і яе грамадзян.
Ідзе пра асоб, якія прысвойвалі маёмасць аграрнага сектара, зерневыя культуры, аб’екты культурнай спадчыны, праводзілі інфармацыйныя аперацыі супраць нашай дзяржавы і ўкаранялі расійскія адукацыйныя стандарты з антыўкраінскім зместам на часова акупаваных тэрыторыях.
Пад абмежаванні трапілі расійскія чыноўнікі, агент ФСБ, які займаецца інфармацыйнымі дыверсіямі, прадстаўнік інфармацыйнага ўпраўлення Генштаба РФ, а таксама фінансіст Кірыл Дзмітрыеў — набліжаны да расійскага кіраўніцтва, які прыцягвае інвестыцыі РФ у стратэгічныя сектары эканомік іншых краін. У санкцыйны спіс унесены і тыя, хто публічна апраўдвае расійскую агрэсію.
Таксама ў новых санкцыйных спісах:
Аляксандр Бугаеў — першы намеснік міністра асветы РФ
Аляксандр Зорін — генерал, прадстаўнік РФ у перамоўнай групе
Аляксей Камкоў — кіраўнік 5-й службы ФСБ
Аксана Лут — міністр сельскай гаспадаркі РФ
Андрэй Амельчук — намеснік міністра навукі
Аляксандр Тупіцкі — экс-кіраўнік Канстытуцыйнага суда Украіны
Пад санкцыі таксама трапілі расійскія выдавецтвы «Веча», «Пітер», «Кніжны свет», «Цэнтрполіграф» і «Яуза».
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што Кіеў перадасць свае прапановы па новых санкцыях міжнародным партнёрам.
Другім указам абмежавальныя меры ўведзены супраць пяці расійскіх выдавецтваў, якія займаюцца прапагандай вайны, распаўсюджваюць крэмлёўскія наратывы ў свеце і фармуюць антыўкраінскія настроі на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.