Брытанія тэрмінова ўзмацняе абарону Бельгіі
- 9.11.2025, 15:38
- 1,874
Пасля неаднаразовых уварванняў беспілотнікаў.
Вялікабрытанія тэрмінова накіроўвае ў Бельгію экспертаў і абарончае абсталяванне пасля серыі небяспечных інцыдэнтаў з беспілотнікамі, якія парушылі працу аэрапортаў і ваенных аб’ектаў.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Вялікабрытаніі Рычард Найтон адзначыў, што бельгійскі бок звярнуўся ў Лондан па дапамогу пасля таго, як серыя палётаў беспілотнікаў прымусіла часова закрываць аэрапорты, перанакіроўваць рэйсы і прыпыняць палёты.
Абсталяванне і асабовы склад ужо накіроўваюцца ў Бельгію. Якое менавіта абсталяванне адпраўляюць і якая колькасць вайскоўцаў задзейнічана — брытанскі бок пакуль не раскрывае.
Найтон таксама адзначыў, што пакуль невядома, хто стаіць за гэтымі палётамі беспілотнікаў. У той жа час ён нагадаў, што Расія на працягу апошніх гадоў актыўна выкарыстоўвае элементы «гібрыднай вайны», хоць Масква традыцыйна адмаўляе любую датычнасць.