Лаўрова адправілі ў апалу
17- 6.11.2025, 20:43
- 33,118
Кіраўніка МЗС РФ абвінавацілі ў зрыве саміту з Трампам.
Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, падаецца, трапіў у апалу ў Крамлі пасля няўдалай размовы з дзяржаўным сакратаром ЗША Маркам Рубіо, што справакавала зрыў саміту Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа.
76-гадовы Лаўроў, які больш за 20 гадоў узначальвае Міністэрства замежных спраў, не з'явіўся на знакавым пасяджэнні Савета бяспекі РФ, якое Пуцін правёў 5 лістапада.
На сустрэчы з пастаяннымі членамі Савета бяспекі, у лік якіх уваходзіць Лаўроў, Пуцін даручыў прапрацаваць прапановы аб аднаўленні ядзерных выпрабаванняў, якія Расія апошні раз праводзіла ў 1990 годзе. Лаўроў «узгоднена адсутнічаў» на нарадзе, паведаміла крыніца «Коммерсанта». Пры гэтым кіраўнік МЗС быў адзіным пастаянным членам Савета бяспекі, які прапусціў знакавае пасяджэнне.
Адначасова Лаўроў страціў статус кіраўніка расійскай дэлегацыі на саміце G20. Сёлета яе ўзначаліць намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Арэшкін, паведаміў у чацвер прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. Паводле яго слоў, рашэнне аб прызначэнні Арэшкіна прыняў Пуцін.