«Усе ад «Gucci» і «Versace» хочуць»: Лукашэнка зноў абурыўся перавагамі беларусаў
15- 6.11.2025, 14:57
- 11,950
Дыктатар патрабаваў апранацца ў прадукцыю айчыннага лёгпрама.
Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Мазыр 6 лістапада чарговы раз заклікаў беларусаў выбіраць прадукцыю айчынных вытворцаў і брэндаў і не марнаваць грошы на лухту кшталту Gucci і Versace.
— Усе ад «Gucci» і «Versace» (хочуць купіць адзенне. — Заўв.), усе апранутыя. Я толькі часам здзіўляюся, навошта вы траціце на лухту такія грошы. Сваё купляйце, нармальна будзеце насіць. Прапануйце, што трэба пашыць і гэтак далей, — сказаў дыктатар.
Ён нагадаў, што нядаўна «вось тузанулі наш лёгпрам, які шыве, замянілі там кіраўніцтва».
— Зараз і за іх вазьмуся. У нас жа ўсё ёсць. Зрабіць скураное паліто або куртку — у нас хапае гэтай скуры. У Гатаве пад Мінскам буйное прадпрыемства. У нас усё ёсць. Абутак можам пашыць, — паабяцаў Лукашэнка.
Ён паскардзіўся, што ў той час як людзі імкнуцца купіць тавары замежных брэндаў, айчынныя прадпрыемствы, якія выпускаюць такую ж прадукцыю, не могуць яе прадаць.
— Можна было на гэтым прадпрыемстве (беларускім. — Заўв.) купіць. Магчыма, нават прасцей. Сваё трэба апранаць (граматычна правільная форма — «надзяваць». — Заўв. рэд.). Нават калі яно крыху і не адпавядае вялікім, хоць цяпер, як кажуць, хлусіць пачалі — дай божа (пра рознага роду падробкі або зніжэнне якасці арыгінальнай прадукцыі. — Заўв.), дык ты купі сваё. Гэта значыць, набыўшы гэта, ты заплаціў свайму прадпрыемству. Гэта значыць, яны грошы атрымаюць, — заклікаў Лукашэнка.
Дыктатар не ўпершыню наракае, што беларусы «рвуцца за Gucci, Versace і іншай гадосцю, а трэба насіць сваё».
Так, летась Лукашэнка на нарадзе па пытаннях адукацыі на сустрэчы з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў ВНУ папракнуў моладзь у імкненні апранацца ў дарагія брэндавыя рэчы.
«Апрануцца наша моладзь хоча — ух як. Я і то так не апранаюся, як некаторыя звычайныя маладыя людзі. Пералічваюць гэтыя імпартныя брэнды і іншае… Я пра такія не чуў, а калі і чуў, дык толькі за імя там шалёныя грошы плацяць. Нашы ўжо нармальна шыюць, не, трэба так. Навошта табе гэтая ануча?» — сказаў ён.