Літва хоча адкрыць адзін з пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю
2- 6.11.2025, 13:26
- 7,958
Аднак толькі для сваіх фур.
У сувязі з тым, што ў Беларусі застаюцца каля 5 000 літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў, а Мінск забараніў ім перамяшчацца па краіне, Літва плануе адкрыць для перавозчыкаў закрыты пункт пропуску «Шальчынінкай», дзе стаяць каля 500 транспартных сродкаў. Пра гэта паведамляе LRT.
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што плануецца перадаць Беларусі праз літоўскіх памежнікаў паведамленне пра магчымасць выкарыстання менавіта гэтага пункта пропуску менавіта для гэтага транспарту.
«Вялікая група знаходзіцца (...) на пункце пропуску «Шальчынінкай», там з беларускага боку, у Беняконях. (...) Мы мяркуем, што транспартныя сродкі змогуць пачаць рух праз гэты пункт, бо яны больш нікуды не могуць ехаць. Там і вадзіцелі, і прычэпы», — паведаміў кіраўнік МУС радыёстанцыі Ziniu radijas.
Як адрэагуюць беларускія ўлады, ён не ведае.
Паводле слоў міністра, каля пункта пропуску «Шальчынінкай» стаяць каля 500 транспартных сродкаў. Яшчэ каля 5 тысяч літоўскіх грузавікоў раскіданыя па ўсёй тэрыторыі Беларусі.