Дзясяткі краін перасталі купляць расійскую пшаніцу
- 5.11.2025, 22:22
- 3,166
Экспарт упаў на 20 працэнтаў.
У кастрычніку 2025 года экспартныя адгрузкі асноўных відаў расійскіх збожжавых упалі на 20 працэнтаў. Пра гэта заявіла дырэктар аналітычнага дэпартамента Расійскага збожжавага саюза Алена Цюрына. Яе працытаваў «Інтэрфакс».
Калі ў кастрычніку 2024 года гаворка ішла пра 8 мільёнаў тон, то ў другі восеньскі месяц гэтага года дадзены паказчык дайшоў да 6 мільёнаў 454 тысяч тон. Экспарт пшаніцы знізіўся на 14,2 працэнта, да 6 мільёнаў 24 тысячы тон. Адгрузкі ячменю абваліліся больш чым у два разы, кукурузы — амаль у тры разы, а гароху — у 2,4 раза.
Акрамя таго, скараціўся і асартымент збожжавых, бабовых і алейных культур, што прадаюцца за мяжу. Калі год таму гаворка ішла пра 26, то ў кастрычніку 2025 года іх аказалася ўсяго 9.
Па словах Цюрынай, калі ў кастрычніку 2024 года расійскую пшаніцу куплялі 50 краін, то ў кастрычніку 2025 года гэты паказчык знізіўся да 30 дзяржаў. Найбуйнейшым пакупніком традыцыйна аказаўся Егіпет. Але і ён скараціў закупкі на 16,3 працэнта, да 1 мільёна 307 тысяч тон. На другім месцы апынулася Турцыя, якая павялічыла імпарт у 1,9 раза, да 883 тысяч тон. Адгрузкі ў Іран павялічыліся амаль у пяць разоў, да 545 тысяч тон.