Якія прадукты беларусы ядуць больш за ўсіх у свеце
9- 5.11.2025, 16:22
- 9,750
Гэта не бульба.
Журналісты «Мінск-Навіны» высветлілі, якія прадукты беларусы любяць больш за ўсіх у свеце. Ніхто і блізка не можа падступіцца да такіх лічбаў.
Гэтыя даныя агучыла намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Мінсельгасхарчу Беларусі Марыя Клімова.
Ідзе гаворка пра цэльнамалочную прадукцыю. Да гэтай катэгорыі адносяцца малако, ёгурт, раяжанка, кефір і іншыя падобныя напоі.
У Беларусі на чалавека ў год прыходзіцца 118 кг такой прадукцыі.
Для параўнання, толькі яшчэ Новая Зеландыя здолела выйсці за межы 100 кг. Там паказчык дасягнуў 103 кг.
Трэцяе месца заняла Аўстралія са сярэднім узроўнем спажывання 92 кг у год на аднаго жыхара.
«У Канадзе — 69, у ЗША — 60, у Расіі — 47, у Еўрасаюзе — у сярэднім 53 кг на чалавека», — прывяла даныя Клімова.
Чыноўніца адзначыла, што Беларусі ўдалося дасягнуць высокіх паказчыкаў вытворчасці прадукцыі такога кшталту.
Беларусь таксама займае другое месца па ўзроўні спажывання сліўкавага масла са сярэднім паказчыкам 5 кг на чалавека ў год.
На першым месцы — Новая Зеландыя. Там людзі спажываюць прыблізна 6 кг прадукту.
У Еўрасаюзе, Канадзе і Аўстраліі прыходзіцца па 4 кг масла на чалавека, у ЗША і Расіі — 3 кг.
Клімова адзначыла, што масла — вельмі карысны прадукт для імуннай сістэмы чалавека, які ўтрымлівае вітаміны A, D і E.