Аэрапорт Вільнюса зноў закрывалі — гэтым разам з-за беспілотніка
2- 5.11.2025, 12:28
- 1,968
Паветраная гавань не працавала амаль 30 хвілін.
Аэрапорт Вільнюса быў часова закрыты 5 лістапада амаль на 30 хвілін з-за беспілотніка. Пра гэта паведамляе Delfi.
Часовыя абмежаванні паветранай прасторы ўвялі раніцай, у 9:50.
«Паводле наяўных дадзеных, сітуацыя мела мінімальны ўплыў на два рэйсы. Паветраная прастора была зноў адкрытая каля 10:18, і ўсе аперацыі ў аэрапорце цяпер адбываюцца ў штатным рэжыме», — паведаміў прадстаўнік кампаніі «Літоўскія аэрапорты» Тадас Васілаўскас.
Нагадаем, з-за пачашчэння выпадкаў прылёту метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі, якія паралізуюць працу аэрапортаў, Літва 29 кастрычніка прыняла рашэнне часткова закрыць рух на мяжы з нашай краінай да 30 лістапада.
У Вільні лічаць, што да запуску паветраных шароў з кантрабандай датычны афіцыйны Мінск. ЕС пагрозіў увесці дадатковыя санкцыі супраць Беларусі, калі «гібрыдныя дзеянні» ў дачыненні да Літвы будуць працягнутыя.
Уначы на 31 кастрычніка аэрапорт Вільнюса чарговы раз быў вымушаны прыпыніць працу з-за шароў. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пагрозіў рэагаваць на падобныя выпадкі «усімі магчымымі спосабамі» — у прыватнасці, збіваць метэазонды, а таксама «павышаць тэмпературу» з дапамогай нацыянальных і еўрапейскіх санкцый.