У ГУР раскрылі вытворцаў кампанентаў расійскага ўдарнага дрона «Арыён»
1- 5.11.2025, 10:33
- 4,514
Трэць кампаній пакуль не знаходзіцца пад санкцыямі.
Эксперты ГУР МА Украіны апублікавалі трохмерную схему расійскага БПЛА «Арыён», а таксама раскрылі інфармацыю пра 43 прадпрыемствы, прыцягнутыя да яго вытворчасці.
Пра гэта паведамляе ў Telegram ГУР МА Украіны.
«Арыён» — гэта ўдарна-разведвальны дрон вытворчасці падсанкцыйнай расійскай групы кампаній «Кранштадт».
Што вядома пра беспілотнік
Апарат масай каля адной тоны з прамым крылом і V-падобным хваставым апярэннем здольны несці да 250 кг карыснай нагрузкі, якая можа ўключаць сістэмы для аэрафотаздымкі, модулі радыятэхнічнай выведкі, аптычна-электронныя сістэмы, карэкціруемыя авіябомбы КАБ-20, ракеты Х-50 і таму падобнае.
Акрамя гэтага, «Арыён» з'яўляецца носьбітам новай расійскай крылатай ракеты S8000 «Бандэроль», кампаненты якой Галоўнае ўпраўленне разведкі публікавала раней.
Радыус дзеяння «Арыёна» — да 250 км (з рэтранслятарам — да 300 км), працягласць палёту — да 30 гадзін. За такія тактыка-тэхнічныя характарыстыкі і канкурэнтны кошт расійскія СМІ гучна празвалі яго «забойцам «Байрактара»».
Хто вырабляе кампаненты для «Арыёна»
Трэць кампаній пакуль не знаходзіцца пад санкцыямі ніводнай з краін санкцыйнай кааліцыі, што стварае рэальную магчымасць працягваць пастаўкі крытычных кампанентаў і працягваць вайну супраць Украіны.
Сярод ідэнтыфікаваных прадпрыемстваў — вытворцы аптычна-электронных сістэм, наземных станцый сувязі і палімерна-кампазітных матэрыялаў для планёра.
«Распрацоўкі кшталту «Арыёна» ўяўляюць пагрозу не толькі для Украіны, але і для цывілізаванага свету ў цэлым: тэхналогіі і кампаненты могуць перадавацца саюзнікам Расіі, у прыватнасці Ірану і КНДР, што пашырае рызыкі іх ваеннага выкарыстання ў іншых рэгіёнах», — заявілі ў ГУР.