Пуцін падпісаў закон аб круглагадовым прызыве ў армію РФ
11- 4.11.2025, 20:44
- 5,946
Падрабязнасці.
Дыктатар Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб увядзенні круглагадовага прызыву ў армію. Згодна з дакументам, які 28 кастрычніка зацвердзіла Дзярждума, а 29 кастрычніка — Савет Федэрацыі РФ, з 2026 года мерапрыемствы па адбору ў армію будуць праходзіць з 1 студзеня па 31 снежня, не толькі падчас сезонных кампаній, як цяпер, паведамляе The Moscow Times.
Навабранцаў у расійскія войскі будуць адпраўляць па-ранейшаму — з 1 красавіка па 15 ліпеня і з 1 кастрычніка па 31 снежня — падчас вясновага і восеньскага прызыву. Аднак прызыўныя камісіі і медыцынскія камісіі ў ваенкаматах будуць працаваць круглы год.
Таксама закон устанаўлівае крайні тэрмін з'яўлення ў ваенкамат пасля размяшчэння электроннай павесткі ў рэестры — 30 сутак. Акрамя таго, калі прызыўнік страціў права на адтэрміноўку або не атрымаў павестку да пачатку сезоннай адпраўкі ў войскі, ён абавязаны самастойна з'явіцца ў ваенкамат на працягу двух тыдняў з моманту пачатку гэтага перыяду для праверкі дадзеных. Пры гэтым прызыўныя камісіі могуць прымаць рашэнні аб адтэрміноўцы або вызваленні ад прызыву завочна.
Закон устанаўлівае новыя тэрміны падачы заяў аб замене ваеннай службы альтэрнатыўнай грамадзянскай. Цяпер прызыўніку трэба звяртацца загадзя — да 1 красавіка ў выпадку восеньскага прызыву і да 1 кастрычніка ў выпадку вясновага прызыву.
Аўтары паправак — кіраўнік камітэта Дзярждумы РФ па абароне Андрэй Картапалаў і яго першы намеснік Андрэй Красоў — сцвярджаюць, што новыя меры дазволяць «раўнамерна размеркаваць нагрузку» на расійскія ваенкаматы і «павысіць якасць прызыву». На самой справе новы фармат «азначае пастаянную актыўнасць ваенкаматоў, што стварае ўмовы для бесперапыннага правядзення аблаў, уручэння павестак і ціску на прызыўнікоў цягам усяго года», адзначаў праект «Ідзіце лесам».