Украіна пачынае рэфармаваць вайсковую службу
4- 4.11.2025, 18:07
- 3,900
Кіеў імкнецца прыцягнуць рэкрутаў і знізіць нагрузку на армію.
Украіна намераецца рэфармаваць сістэму вайсковай службы, уводзячы тэрміновыя кантракты разам з дзеючым прызывам. Мэта ініцыятывы — прыцягнуць больш добраахвотнікаў і палегчыць нагрузку на вайскоўцаў, якія нясуць службу ўжо некалькі гадоў запар, піша The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org).
Да гэтага часу ўкраінскія вайскоўцы служылі па бестэрміновых кантрактах. Гэта зніжала матывацыю, бо многія баяліся, што, падпісаўшы кантракт, апынуцца на фронце без магчымасці планаваць будучыню.
Паводле новага парадку, кантракты можна будзе заключаць на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў, паведаміў міністр абароны Дзяніс Шмыгаль. Наваўвядзенне будзе даступнае як для цяперашніх вайскоўцаў, так і для новых рэкрутаў.
Пры гэтым мабілізацыя застанецца — яна па-ранейшаму неабходная для папаўнення арміі. Аднак тыя, хто падпіша кантракт тэрмінам ад двух гадоў, атрымаюць гадавую адтэрміноўку ад магчымай мабілізацыі пасля завяршэння службы.
Гэта мера, паводле слоў экспертаў, закліканая стымуляваць украінцаў, якія баяцца прызыву. Пасля амаль чатырох гадоў поўнамаштабнай вайны краіна сутыкнулася з ростам ухіленняў ад вайсковай службы і стомленасцю сярод дзейных салдат.
Камандаванне падкрэслівае, што вызваляць знясіленых байцоў магчыма толькі пры ўмове, што іх месцы зоймуць новыя кантрактнікі. На фоне колькаснай перавагі расійскіх войскаў гэтая рэформа становіцца жыццёва неабходнай для падтрымання баяздольнасці арміі.