У Беларусь прыйдзе вельмі істотнае пахаладанне
- 4.11.2025, 14:27
- 7,860
Прагноз сіноптыкаў.
На наступным тыдні беларусаў чакае «вельмі істотнае пахаладанне». Слупок тэрмометра можа апусціцца да −20°С. Нерадасным прагнозам падзяліўся тэлеграм-канал пра надвор’е @nadvorie.
Паведамляецца, што ў тыл цыклона, які перамяшчаецца з Атлантыкі на паўночны захад Расіі, пачне паступаць халоднае паветра са Скандынавіі.
Да Беларусі «холад дойдзе» прыблізна да 11 лістапада, а да 13-га ліку пахаладанне «яшчэ больш узмоцніцца», бо «ў наш рэгіён пачне зацягваць паветра з арктычнага ўзбярэжжа Расіі».
Тэлеграм-канал падкрэсліў, што паступленне такой паветранай масы ў Беларусь позняй восенню «звычайна азначае відавочна адмоўную тэмпературу ля паверхні зямлі». Звычайная дзённая тэмпература складае каля −5…−10°С, а ўначы пры ясным небе і снежным покрыве слупок тэрмометра можа паказаць −15…−20°С.
Тым часам, як паведамляе метэасэрвіс pogoda.by, у найбліжэйшыя дні ў краіне ўсталюецца цёплае надвор’е.
5 лістапада будзе воблачна з праясненнямі і пераважна без ападкаў. Удзень паветра прагрэецца да +7…+13°С.
6–7 лістапада таксама абяцаюць воблачнае з праясненнямі надвор’е і без ападкаў. Толькі ўначы і раніцай мясцамі на поўначы краіны чакаюцца невялікія кароткачасовыя дажджы. Удзень слупок тэрмометра падымецца да +7…+14°С.