Памёр былы фармальны кіраўнік Паўночнай Карэі
4- 4.11.2025, 12:57
- 8,574
Ён займаў пасаду з 1998 па 2019 гады.
Кім Ён Нам — былы старшыня Прэзідыума Вярхоўнага народнага сходу КНДР — памёр ва ўзросце 97 гадоў. Паведамленне пра тое, што лідар КНДР Кім Чэн Ын прыбыў развітацца з Кім Ён Намам, 4 лістапада апублікавала дзяржаўнае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК).
Кім Ён Нам быў старшынём Прэзідыума Вярхоўнага народнага сходу КНДР з 1998 па 2019 гады. Той, хто займае гэтую пасаду, фармальна з'яўляецца кіраўніком Паўночнай Карэі, хоць улада ў КНДР знаходзіцца ў руках сям'і Кімаў. Кім Ён Нам таксама на працягу 15 гадоў узначальваў МЗС Паўночнай Карэі.
CNN нагадвае, што як фармальны кіраўнік дзяржавы Кім Ён Нам неаднаразова сустракаўся з замежнымі лідарамі. У 2018 годзе ён прысутнічаў на адкрыцці Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі, стаўшы найвышэйшапастаўленым прадстаўніком КНДР, які наведаў суседнюю краіну.