7 снежня 2025, Нядзеля, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцінскі «Пасейдон» — чарговая фікцыя

13
Пуцінскі «Пасейдон» — чарговая фікцыя
Аляксандр Качаткоў

Законы фізікі не падманеш.

Паколькі ў крамлёўскім балагане пастарэлых маразматыкаў зноў успомнілі пра «зброю Суднага дня» ў выглядзе ядзернай супертарпеды «Пасейдон», то распавяду, адкуль у гэтага маразму растуць ногі. Дакладней, плаўнікі, што бліжэй да воднай тэмы.

Так вось, у 1961 годзе СССР выпрабаваў над Новаю Зямлёй «цара-бомбу» магутнасцю 58 мегатон, што ў 3 тыс. разоў больш, чым тая, якая знішчыла Хірасіму, то-бок гэта самая магутная бомба, створаная на планеце. Хоць яе можна было ўзмацніць да 100 мегатон, але ў калектыву распрацоўшчыкаў, узначаленага акадэмікам А. Сахаравым, узніклі апасенні, што ў такім выпадку можа выбухнуць увесь Сусветны акіян, і Зямля распадзецца на кавалкі.

Гэта жудасная штука важыла 26,5 тон. Каб проста падарваць яе над палігонам, самы магутны савецкі самалёт таго часу Ту-95 давялося максімальна аблегчыць — зняць усё лішняе і заправіць палівам толькі на некалькі сотняў км. То-бок даляцець з бомбай да ЗША ён ніяк не мог.

Вядома, у СССР абарончымі справамі займаліся разумныя людзі. Таму паралельна са стварэннем супербомбы пачаліся работы па стварэнні суперракеты, здольнай данесці яе да мэты. Цяпер мы ведаем гэтую ракету як Н-1 распрацоўкі КБ Каралёва, якая павінна была высадзіць савецкіх касманаўтаў на Месяц.

Але першапачаткова яна была баявой, для тэрмаядзернай супербомбы. Дарэчы, Р-7, на якой лятаў Гагарын, насамрэч таксама была баявой, але Каралёў прайграў канкурэнцыю ў стварэнні баявых носьбітаў КБ «Паўднёвае» з Дняпра, якое ўзначальваў М. Янгель, і быў вымушаны займацца касмічнай тэматыкай. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Усе запускі Н-1 скончыліся аварыямі. Супербомба засталася без носьбіта. І тады ў распрацоўшчыкаў узнікла ідэя: давайце змесцім цар-бомбу ў невялікую падводную лодку з ядзерным рухавіком. Такая лодка патроху даплыве куды-небудзь да Гудзонавага заліва, там выбухне, узнікне суперцунамі вышынёй метраў сто, якое адразу змые Манхэтэн і дакоціцца аж да Вашынгтона.

А калі падарваць яшчэ адну ядзерную тарпеду на заходнім узбярэжжы, то Злучаныя Штаты перастануць існаваць. Менавіта такія «гуманістычныя» ідэі ўзнікалі ў будучага пацыфіста і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Сахарава.

І ён, як сам пісаў у аўтабіяграфіі, пайшоў з гэтым людзежэрскім праектам да кіраўніцтва Ваенна-марскога флоту СССР, а там адміралы сказалі яму, што савецкія маракі не ваююць з мірнымі, таму не хочуць мець нічога агульнага з падобнай пачварнай зброяй. Сахараву стала сорамна, і праект тэрмаядзернай тарпеды паклалі ў шуфляду.

А ўжо ў сямідзясятыя гады, падчас чарговага ядзернага абвастрэння, калі ўжо з’явіліся магутныя ЭВМ, навукоўцы змадэлявалі гэты сцэнар. І высветлілася, што ніякай стаметровай хвалі не ўзнікне, бо ў цунамі, якія з’яўляюцца наступствам землятрусаў, іншая геаметрыя: пры ўзнікненні цунамі яны нізкія — 50–70 см, але маюць вельмі вялікую працягласць, і пры падыходзе да берага яны «стаюць рубам», у выніку чаго вышыня хваль дасягае дзясяткаў метраў. Ды і энергіі пры землятрусах задзейнічаныя значна большыя, чым нават у супербомбе. А з хвалямі ад тэрмаядзернага выбуху нічога падобнага не адбываецца, і яны хутка згасаюць.

Таму пра гэтае вынаходніцтва забыліся. Але пры Пуціне яго малаграматныя «спецыялісты», якія, як і дыктатар, без розуму ад усяго савецкага, струсілі архіўны пыл з канцэпта нерэальнай ядзернай супертарпеды, гучна назвалі яе «Пасейдон» і дадалі яшчэ адно дурнаватае ноу-хаў. Пра якое ў свой час пісалі ў папулярным часопісе «Тэхніка моладзі».

А менавіта — звышхуткасць. Галоўная праблема ядзернага рэактара — не магутнасць, а ахалоджванне, бо ён выпрацоўвае занадта шмат цяпла. Прапанаваная ідэя ў тым, што лішнім цяплом трэба разаграваць корпус падводнай лодкі, як патэльню, тады навакольная вада пачне кіпець, і гэтыя паравыя пухіркі, якія з’яўляюцца своеасаблівым змазвальным матэрыялам, паменшаць супраціў асяроддзя. Таму міфічны «Пасейдон» будзе рухацца на глыбіні 1 км са хуткасцю 200 км/г. Як табе такое, Ілан Маск?!

Крыважэрны невук Пуцін — не савецкі адмірал, што ваяваў у Другой сусветнай, таму ён ахвотна адкрыў фінансаванне жахлівага, але немагчымага «Пасейдона». Але, вядома, далей асваення велізарных бюджэтаў і стварэння прататыпаў, якія і блізка не маюць абяцаных характарыстык, справа не пайшла.

Бо законы фізікі не падманеш: падводная лодка, якая тэрмаядзерным выбухам стварае суперцунамі, — гэта антынавуковы маразм, які не можа быць рэалізаваны, нават калі ён вельмі падабаецца нейкаму дыктатару. Безаналагавы «Пасейдон» — чарговая фікцыя і яскравы прыклад філалагічнай зброі, якая павінна паралізаваць ворага выключна жахлівымі выдумкамі.

Аляксандр Качаткоў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках