ЗСУ атакавалі расійскія НПЗ і нафтахімзавод
1- 4.11.2025, 10:10
- 8,708
Выбухі прагрымелі ў Башкартастане і ў Ніжагародскай вобласці.
У ноч з 3 на 4 лістапада ў горадзе Кстове (Ніжагародская вобласць, РФ) прагрымела серыя выбухаў. Мясцовыя жыхары паведамілі пра пажар на тэрыторыі НПЗ «Лукойл-Нижегороднефтеоргсинтез», піша New Voice.
Гэты НПЗ знаходзіцца на адлегласці каля 800 кіламетраў ад украінскай мяжы і ўжо неаднаразова падвяргаўся атакам далёкабойных дронаў.
Як адзначаюць супрацоўнікі Расавіяцыі, таксама прыпынена праца аэрапорта ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Як паведамляе праект Exilenova+, пазней былі зафіксаваныя выбухі на нафтахімічным заводзе ў горадзе Сцерлітамак (Башкартастан).
Пры гэтым мясцовыя ўлады першапачаткова адмаўлялі атаку на прадпрыемства і заяўлялі, што «ў адным з цэхаў вадаачысткі адбыўся выбух». Акрамя таго, паводле папярэдняй інфармацыі, часткова абрынулася памяшканне. У момант здарэння ў цэху знаходзіліся пяць чалавек, падсумавалі чыноўнікі.
Аднак пазней кіраўніку Башкартастана Радыю Хабіраву давялося прызнаць факт атакі дронаў на завод. Тым не менш, ён сцвярджаў, што «абодва беспілотнікі былі збітыя» і казаў, што «прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме».