Найбуйнейшая суперлуна за апошнія шэсць гадоў з’явіцца ў небе на гэтым тыдні
- 4.11.2025, 4:00
- 7,210
Калі назіраць?
5 лістапада 2025 года ў небе з’явіцца найбуйнейшая і найярчэйшая суперлуна за апошнія шэсць гадоў. Пра гэта паведамляе National Geographic.
Месяц дасягне поўні а 13:19 па UTC (15:19 па Мінску), наблізіўшыся да Зямлі на адлегласць 356 980 км, паведамляецца на сайце AstroPixels астранама Фрэда Эспенака. Паводле дадзеных Live Science, гэта самая блізкая поўня з лютага 2019 года.
Лепшы час для назірання — першая гадзіна пасля ўсходу Месяца, калі ён падымаецца над усходнім гарызонтам, адзначае National Geographic. У гэты момант спрацоўвае «месячная ілюзія» — аптычны эфект, калі наш мазг параўноўвае Месяц з навакольнымі аб’ектамі, напрыклад з дрэвам або будынкам, таму ён здаецца яшчэ большым.
На гэтым тыдні Месяц будзе бліжэй да Зямлі прыкладна на 27 тыс. км, чым у сярэднім.
Дзякуючы гэтаму ён будзе здавацца на 7% большым і на 16% ярчэйшым, чым падчас звычайнай поўні.
Месяц зноў будзе настолькі вялікім і яркім толькі 24 лістапада 2026 года.
Гэтая суперлуна асаблівая тым, што пік поўні амаль ідэальна прыпадае на перыгей — найбліжэйшую да Зямлі кропку эліптычнай арбіты Месяца, піша выданне. Гэта стварае ідэальнае спалучэнне для захапляльнага відовішча.
Нізкае становішча таксама надасць Месяцу залатавата-аранжавы адценак з-за рассеяння сініх хваль у зямной атмасферы.