У Мінпрацы адказалі на папулярныя пытанні пра працу ў выходныя і святы
- 3.11.2025, 22:01
- 1,392
Зусім хутка многіх беларусаў чакае трохдзённая перадышка.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дало тлумачэнні па найбольш папулярных пытаннях працоўных людзей адносна выходных і святаў.
Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, які адзначаецца 7 лістапада, з'яўляецца нерабочым. У 2025-м ён прыпадае на пятніцу. Такім чынам, многія беларусы будуць адпачываць тры дні запар.
Аднак некаторыя працягнуць працаваць. Таму ім карысна будзе даведацца пра нюансы працы ў выходныя і святочныя дні.
Так, найперш у ведамстве адказалі на пытанне, ці мае наймальнік права прыцягваць да працы ў такія дні.
«Паводле Працоўнага кодэкса, у дзяржаўныя святы і святочныя дні, абвешчаныя нерабочымі, працаваць нельга, але ёсць выключэнні», – адзначылі ў Мінпрацы.
Пра кампенсацыі
Прыцягненне да працы ў выходны афармляецца загадам (распараджэннем) наймальніка. Там павінна быць прапісана, на якую кампенсацыю можна разлічваць.
За кожную гадзіну працы ў святочныя і выходныя дні належыць даплата, звярнулі ўвагу ў міністэрстве.
Пры здзельнай аплаце працы дадатковыя налічэнні павінны быць не ніжэйшыя за здзельныя расцэнкі, пры аплаце па часе — не ніжэйшыя за гадзінныя тарыфныя стаўкі (аклады).
Як часта могуць прыцягваць да працы ў выходныя
Заканадаўствам прадугледжаны пэўныя абмежаванні. Устаноўлена, што на працягу ўсяго каляндарнага года можна быць занятым сумарна не больш за 12 выходных дзён, — падкрэслілі ў Мінпрацы.
Пра адпрацоўкі, пераносы
Наступнае пытанне: ці мае наймальнік права вызначаць, калі работнікам адпрацоўваць перанесены рабочы дзень пасля доўгіх выходных?
Пераносы працоўнага часу вызначае ўрад. Яны абавязковыя, але датычаць толькі тых, хто працуе па пяцідзёнцы і адпачывае ў суботу і нядзелю.
Пры гэтым работнік не можа адмовіцца ад пераносу працоўнага дня.
Нюансы з адпачынкамі
Пры планаванні адпачынку трэба ўлічваць, што яго нельга афармляць са святочнага нерабочага дня.
Яшчэ адно пытанне датычыцца адпрацоўкі перанесеных працоўных дзён. Допусцім, у гэты час чалавек быў у адпачынку або на бальнічным. Ці павінен ён тады выходзіць на змену?
Калі перанесены дзень у канкрэтнага работніка не мог быць рабочым з-за адпачынку, то і адпрацоўваць яго ў суботу не трэба, — растлумачылі ў ведамстве.