NBC: Белы дом плануе ваенную аперацыю ў Мексіцы
5- 3.11.2025, 19:16
- 2,204
Войскі ЗША могуць быць размешчаныя ў краіне для нанясення ўдараў па наркалабараторыях і лідэрах картэляў.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Данальда Трампа пачала дэтальнае планаванне місіі па накіраванні амерыканскіх войскаў і супрацоўнікаў разведкі ў Мексіку для барацьбы з наркакартэлямі. Пра гэта паведамляе NBC News са спасылкай на крыніцы.
Паводле дадзеных тэлеканала, ужо пачалася стадыя падрыхтоўкі да місіі, якая будзе ўключаць наземныя аперацыі на тэрыторыі Мексікі. Пры гэтым канчатковае рашэнне адносна правядзення місіі пакуль не прынята, абмеркаванне яе маштабаў працягваецца.
Тэлеканал адзначае, што запланаваная місія істотна будзе адрознівацца ад дзеянняў папярэдніх адміністрацый ЗША, якія «без лішняга шуму» накіроўвалі ў Мексіку вайскоўцаў і праваахоўныя органы для падтрымкі мясцовай паліцыі і армейскіх падраздзяленняў, што змагаюцца з картэлямі, але не для прыняцця прамых мер супраць іх.
Калі місію ўхваляць, вакол яе будуць захоўваць сакрэтнасць і не рабіць публічнымі дзеянні, звязаныя з ёй, у адрозненне ад сітуацыі з венесуэльскімі караблямі.
Па словах крыніц тэлеканала, у межах запланаванай місіі амерыканскія войскі ў Мексіцы будуць найперш выкарыстоўваць беспілотнікі для нанясення ўдараў па наркалабараторыях, а таксама па чальцах і лідарах наркакартэляў.
У лютым Дзярждэпартамент ЗША ўнёс шэсць мексіканскіх наркакартэляў у спіс замежных тэрарыстычных арганізацый. У красавіку NBC News паведаміў, што адміністрацыя Трампа разглядае магчымасць нанясення ўдараў з выкарыстаннем беспілотнікаў па наркакартэлях у Мексіцы.
У жніўні The New York Times пісала, што Данальд Трамп у закрытым парадку зацвердзіў дырэктыву, якая дазваляе Пентагону выкарыстоўваць ваенную сілу супраць лацінаамерыканскіх наркакартэляў. Тады Злучаныя Штаты накіравалі да ўзбярэжжа Венесуэлы сем караблёў — на іх борце знаходзілася каля 4,5 тыс. вайскоўцаў.
З верасня амерыканскія ўзброеныя сілы пачалі наносіць ракетныя ўдары па марскіх судах Венесуэлы. У прыватнасці, 3 кастрычніка, паводле заявы кіраўніка Пентагона Піта Хегсэта, быў знішчаны катэр, які, мяркуецца, перавозіў буйную партыю наркотыкаў. У той жа дзень венесуэльская СПА выявіла не менш як пяць амерыканскіх баявых самалётаў паблізу сваёй паветранай прасторы над Карыбскім морам.
Трамп называў венесуэльскія наркакартэлі «пацверджанымі наркатэрарыстамі» і падкрэсліваў, што яны ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША. У канцы кастрычніка Трамп заявіў пра гатоўнасць перайсці да ўдараў па сушы пасля атак з караблёў, каб спыніць паток наркотыкаў у краіну.