У Нотр-Доме ўпершыню за 30 гадоў адбылося вянчанне
4- 3.11.2025, 19:07
- 3,546
Павянчаўся цясляр, які аднаўляў сабор.
У Нотр-Даме ўпершыню за 30 гадоў адбылася цырымонія вянчання. Па асаблівым благаслаўленні архібіскупа ў саборы павянчаўся цясляр, які ўдзельнічаў у яго аднаўленні, піша газета New York Post.
«29‑гадовы Марцін Лорэнц, майстар, які тры гады прысвяціў рэканструкцыі сярэднявечнага драўлянага каркаса сабора, 25 кастрычніка абмяняўся клятвамі са сваёй цяперашняй жонкай Жадзі ўнутры гістарычнага парыжскага помніка. Гэта быў першы шлюб, заключаны там з 1995 года», — гаворыцца ў матэрыяле.
Лорэнц сказаў журналістам, што гэта самы шчаслівы дзень у ягоным жыцці.
Удакладняецца, што вяселлі ў Нотр-Даме адбываюцца надзвычай рэдка, бо сабор не з’яўляецца прыходскай царквой і звычайна не праводзіць цырымоніі для пар, як і прыватныя мерапрыемствы ўвогуле.
Найбуйнейшы пажар у саборы Парыжскай Божай Маці адбыўся 15 красавіка 2019 года. Агонь знішчыў яго шпіль і пашкодзіў нясучую канструкцыю. На аднаўленне сабора спатрэбілася 700 млн еўра. Ён зноў адкрыўся для наведвальнікаў 8 снежня 2024 года. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі кіраўнікі многіх дзяржаў, у тым ліку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.