Расійскі аўтапрам рухнуў на «дно»
9- 3.11.2025, 18:50
- 6,312
Выпуск аўтамабіляў упаў амаль удвая, заводы перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень.
Расійскі аўтапрам, які перажыў «клінічную смерць» пасля сыходу заходніх аўтаканцэрнаў, а потым аднавіў вытворчасць у 2023–24 гадах, зноў ідзе на дно, піша The Moscow Times.
Па выніках студзеня–верасня вытворчасць аўтамабіляў у Расіі абвалілася на 20% і вярнулася да самых нізкіх узроўняў 2022 года, вынікае са статыстыкі Расстата. Спад у аўтапраме паскараецца кожны квартал: у студзені–сакавіку гэта было 9,2% год да года, у другім квартале — 23%, у трэцім — 26,7%.
У першы год вайны аўтапрам страціў каля 50% вытворчасці, а агульны выпуск аўтамабіляў у Расіі ўпаў да 450 тысяч адзінкаў — самага нізкага ўзроўню з першай паловы 1970-х, калі ў СССР яшчэ не былі запушчаныя аўтазаводы ў Горкім і Тальяці.
Да сярэдзіны мінулага года выпуск машын дасягнуў 80% ад дасанкцыйнага ўзроўню, але цяпер зноў складае толькі 50%, адзначае Яніс Клюге, навуковы супрацоўнік Нямецкага інстытута праблем міжнароднай бяспекі. Рэкардсменамі па тэмпах абвалу сталі вытворцы грузавікоў, у якіх выпуск рухнуў на 30% за 9 месяцаў і на 41% у верасні.

«АвтаВАЗ», найбуйнейшы з расійскіх аўтавытворцаў, летась выпусціў на рынак 500 тысяч аўтамабіляў Lada. Але ў гэтым годзе знізіў план да 300 тысяч, а таксама быў вымушаны перавесці на 4-дзённы працоўны тыдзень аўтазавод у Тальяці.
«КАМАЗ», найбуйнейшы вытворца грузавікоў, за 9 месяцаў атрымаў 29,1 млрд рублёў чыстых страт — у 7,6 раза больш, чым годам раней, пасля таго як продажы грузавікоў у краіне абваліліся на 57%.
Амаль 80% продажаў легкавых аўтамабіляў у Расіі адбываецца ў крэдыт. Але банкаўскія пазыкі сталі недаступныя для расіян пасля таго, як ЦБ падняў ключавую стаўку да максімумаў за 20 гадоў, каб стрымаць усплёск інфляцыі ў эканоміцы, пастаўленай на ваенныя рэльсы. У выніку продажы машын упалі на 22% за студзень–верасень, паводле статыстыкі «Аўтастата».
З-за страт з пачатку года па ўсёй краіне закрыліся сотні аўтасалонаў, а ў некаторых гарадах-мільённіках скарачэнне іх колькасці стала двухзначным: на 29% у Растове-на-Доне, на 18% у Санкт-Пецярбургу, на 17% у Краснаярску, на 11% у Маскве.
Продажы новых аўтамабіляў скараціліся ў 2–2,5 раза адносна першай паловы 2010-х гадоў, паколькі аўтамабіль стаў менш даступным для расіян, кажа дырэктар па развіцці аўтамабільнага маркэтплэйса FRESH Юрый Чыстаў: «Ніякіх відавочных сігналаў таго, што пакупніцкая здольнасць насельніцтва павялічыцца ў бліжэйшы год або два, няма. У гэтым годзе склаўся амаль ідэальны шторм».