Беларускі рэжым абмежаваў рух фур з ЕС
4- 3.11.2025, 12:25
- 7,230
Рашэнне назвалі «адказам на недружалюбныя крокі» Літвы.
Перамяшчэнне па Беларусі грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у ЕС, забаронена з 4 лістапада 2025 па 31 снежня 2027 года, вынікае з пастановы беларускага ўрада.
Пастанова №599 афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У ёй асобна прапісаная забарона і на перамяшчэнне прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Польшчы і Літве. Забарона распаўсюджваецца і на легкавыя аўтамабілі з польскай рэгістрацыяй, якія займаюцца грузаперавозкамі.
У пастанове ёсць шэраг выключэнняў.
Фуры з еўрапейскай рэгістрацыяй могуць ездзіць ад памежных пунктаў пропуску і назад для перачэпаў і перагрузак. Пры гэтым нельга выкарыстоўваць прычэпы (паўпрычэпы), зарэгістраваныя ў Польшчы і Літве.
Дазваляецца выкарыстоўваць фуры і прычэпы з польскімі нумарамі толькі ў тым выпадку, калі яны едуць з пункта пропуску на беларуска-польскім участку мяжы для перачэпаў або назад. Аналагічная норма дзейнічае для фур і прычэпаў з літоўскай рэгістрацыяй. Можна ездзіць толькі ад беларуска-літоўскай мяжы і назад.
Перагрузкі, перачэпы і запраўка транспартных сродкаў дазваляюцца ў вызначаных месцах. Іх спіс прыкладаецца да пастановы.
На такія меры беларускія ўлады пайшлі пасля таго, як у ноч на 27 кастрычніка Літва фактычна закрыла два, што засталіся, пункты пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі»). Спачатку было абвешчана, што гэта робіцца на нявызначаны тэрмін.
Затым 30 кастрычніка Літва заявіла, што абмежаванні на мяжы будуць дзейнічаць да 01:00 (па мінскім часе) 1 снежня бягучага года. Мяжу змогуць перасякаць толькі пэўныя катэгорыі грамадзян, сярод якіх, напрыклад, грамадзяне Літвы і члены іх сем’яў, што едуць дадому.
Забарона не датычыць замежнікаў, якія прыбываюць у Літву па гуманітарных візах, выдадзеных ім літоўскімі прадстаўніцтвамі, і грамадзян дзяржаў-членаў Еўразвязу, а таксама шэрагу іншых краін, што ўваходзяць у Еўрапейскую эканамічную зону: Швейцарыі, Андоры, Манака, Сан-Марына, Ватыкана і гэтак далей.