Пра што Лукашэнка гаварыў за зачыненымі дзвярыма з пасланнікам Ватыкана
10- 3.11.2025, 9:21
- 12,672
За жартамі дыктатара хаваецца крайняя жорсткасць.
Тыдзень таму кіраўнік чарговы раз сустрэўся з прыбылым у краіну Клаўдыё Гуджэроці. У 2011–2015 гадах ён быў апостальскім нунцыем у Беларусі, г. зн. паслом Ватыкана. У апошнія гады яго кар'ера пайшла ўгару. Цяпер Гуджэроці — кардынал і прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, піша «Салідарнасць».
Святар і дыпламат уваходзіць у групу самых уплывовых людзей у Ватыкане. Напрыклад, ён не толькі ўдзельнічаў у абранні новага Папы, але і згадваўся выданнем Bild сярод прэтэндэнтаў на трон.
Лукашэнка кінуўся жартаваць, убачыўшы, як у яго працоўны кабінет заходзіў Гуджэроці:
– Не можна, а трэба, спадар кардынал. Прывітанне! Як жыв-здароў?
Кіраўнік таксама адзначыў:
– Прыязджайце ў любы час. Я не ведаю, якая віза яму патрэбная. Ён у нас беларус фактычна.
Вонкава сяброўскія і цёплыя адносіны Лукашэнкі і Гуджэроці дэманстраваліся і раней. Напрыклад, у 2015 годзе падчас выступу ў парламенце Лукашэнка пажартаваў:
– Я пытаюся ў нашых рэлігійных дзеячаў, якія агітуюць за сям'ю: а колькі ў вас дзяцей, ваша святасць, высокапраасвяшчэнства? «Няма», — адказваюць. Як ты можаш агітаваць за сям'ю, калі сваіх не маеш? Адчуваю, дзесьці ўпотайкі грашаць збоку. І я нават ведаю, што грашаць.
У гэты момант камера выхапіла з ліку гледачоў Гуджэроці, які смяяўся найбольш актыўна.
Лукашэнка не раз публічна дзякаваў Гуджэроці за яго добрае стаўленне да Беларусі («Мы ніколі не сустракалі такога разумення і падтрымкі ад паслоў Ватыкана, як ад вас»). Аднак за іх нібыта сяброўскім зносінамі, падаецца, хаваюцца зусім не прыемныя справы.
Падчас працы ў Беларусі Гуджэроці сустракаўся з палітвязнямі і дапамог выйсці на волю абвінавачанаму ў шпіянажы ксяндзу Уладзіславу Лазару. Ватыкан аддзякаваў Лукашэнку, запрасіўшы яго на сустрэчу да Папы Францішка ў 2016-м.
Тыдзень таму Лукашэнка і Гуджэроці абдымаліся і жартавалі на фоне таго факту, што беларускія сілавікі кінулі ў турму манаха Гжэгажа Гавэла, ксяндзоў Анджэя Юхневіча (13 гадоў калоніі) і Генрыха Аколатовіча (11 гадоў). Усе яны прызнаныя палітвязнямі.
Больш за тое, як нядаўна паведаміла нарвежская праваабарончая арганізацыя Forum 18, КДБ спрабаваў выкарыстаць Аколатовіча, каб скампраметаваць апостальскага нунцыя Ватыкана (раней, нагадаем, гэтую пасаду займаў Гуджэроці).
Ёсць і іншыя факты: за апошнія гады дзясяткі ксяндзоў падвергліся ў Беларусі рэпрэсіям, па выніках 2023-га наша краіна заняла другое месца ў свеце паводле колькасці іх арыштаў.
Іншымі словамі, за жартамі Лукашэнкі хаваецца крайняя жорсткасць. Таму заявы Гуджэроці не павінны здзіўляць. Напрыклад, у інтэрв'ю дзяржаўнаму ТБ ён заявіў:
– Я хачу падзякаваць Беларусь, беларусаў. Ваша пазіцыя заўсёды была такая: не ўмешвацца ў гэту вайну (Расіі супраць Украіны. — С.), наадварот — папярэджваць яе. Я ўпэўнены, што цяпер неабходны наступны крок, і каб Еўропа гэта зразумела, каб было жаданне дыялогу. Роля Беларусі як моста фундаментальная для геапалітычных фактараў.
Кіраўнік зноў даказвае: ён гатовы пайсці і ідзе на многае, каб, распараджаючыся лёсамі людзей, прымусіць Ватыкан дапамагчы яму прарваць знешнепалітычную блакаду.