ЗСУ паведамілі добрыя навіны з фронту
2- 16.11.2025, 23:15
- 6,722
Большая частка Купянска знаходзіцца пад кантролем ЗСУ.
Расійскія акупацыйныя войскі ў Купянску атрымалі загад разыгрываць спектакль аб «кантролі над горадам». Пра гэта паведаміла групоўка аб’яднаных сіл Украіны. Паводле даных украінскіх вайскоўцаў, расіян абавязалі размахваць трыкалорамі ў тых месцах, дзе прысутнічаюць толькі невялікія разрозненыя групы пяхоты, каб стварыць карцінку для прапаганды.
Украінскія абаронцы падкрэсліваюць: нягледзячы на заявы Пуціна і Генштаба РФ пра «акружэнне» горада, большая частка Купянска па-ранейшаму кантралюецца Сіламі абароны Украіны. Невялікія расійскія групы на поўначы адрэзаныя ад наземнага забеспячэння і знаходзяцца ў уразлівым становішчы.
Украінскі бок адзначае: расійскія камандзіры пачалі адпраўляць сваім байцам сцягі проста ў пакетах забеспячэння, якія скідваюцца на горад з дапамогай дронаў. Салдатам даручана разгортваць палотнішчы і нібыта паказваць «кантроль» над Купянскам.
Прынамсі адна такая «аперацыя» ўжо праведзена — ва ўкраінскай арміі чакаюць хуткага з’яўлення ў расійскіх медыя чарговага «абрэзанага» роліка, дзе акупанты спрабуюць выдаць лакальную прысутнасць за маштабнае прасоўванне.
У групоўцы аб’яднаных сіл выказалі «падзяку» расійскім камандзірам за тое, што тыя сваімі дзеяннямі дапамагаюць украінскім дронам выяўляць разрозненыя групы акупантаў, бо сцягі выдатна бачныя з паветра. Расійскім салдатам, якія атрымалі такі загад, украінскія вайскоўцы далі саркастычную параду: «Калі ўжо так хочацца махаць сцягам, трэба падымаць белы».