Politico: У ЗША разглядаюць варыянты, што рабіць з «сябрам Лукашэнкі» пасля звяржэння рэжыму
8- 16.11.2025, 21:39
- 13,930
Нікаласу Мадуру могуць дазволіць збегчы ў РФ.
Прадстаўнікі адміністрацыі ЗША абмяркоўваюць магчымыя варыянты, куды накіраваць у выгнанне дыктатара Венесуэлы Нікаласа Мадуры і яго найбліжэйшых паплечнікаў, паведамляе Politico са спасылкай на прадстаўнікоў адміністрацыі.
Гаворка, у прыватнасці, пра Турцыю, Расію, Азербайджан і Кубу.
Паводле слоў амерыканскага чыноўніка і двух іншых крыніц, знаёмых з ходам абмеркаванняў, адна з ідэй, якую разглядаюць памочнікі прэзідэнта Дональда Трампа, заключаецца ў тым, каб забяспечыць Мадура і яго набліжаным бяспечны выезд у іншую краіну.
Іншыя памочнікі прапануюць арыштаваць Мадура і аддаць яго пад суд у ЗША, паведаміла трэцяя крыніца, знаёмая з ходам перамоваў.
Некаторыя таксама спадзяюцца, што пагрозы ваенных дзеянняў з боку ЗША ў межах барацьбы з наркакартэлямі выклічуць хаос і прывядуць да таго, што Мадура страціць уладу.
Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасць прыцягнення прыватных ахоўных фірмаў з трэціх краін. Паводле слоў крыніц, гэтыя фірмы паслужаць першапачатковай аховай кіраўніцтва, якое прыйдзе на змену Мадуру.
Як паведамляе агенцтва, некалькі чалавек абмяркоўваюць гэтую тэму ў розных ведамствах ЗША: Дзярждэпартаменце, Мінэнерга, Мінфіне, Мінюсце, Мінабароны і іншых. Некаторыя звяртаюцца да былых амерыканскіх чыноўнікаў і незалежных аналітыкаў.
Яшчэ адна крыніца паведаміла Politico, што ЗША падтрымліваюць сувязь не толькі з апазіцыяй у Венесуэле, але і з іншымі людзьмі ўнутры краіны.